17 лістапада ў штаб-кватэры ААН адкрылася выстава фотаздымкаў зь Беларусі. Фатограф -- Джон Кунстадтэр, былы віцэ-амбасадар ЗША у Менску.
На выставе прадстаўлена каля паўсотні чорна-белых фатаграфіяў. У сваім уступным слове амбасадар Беларусі ў ААН Андрэй Дапкюнас сказаў, што фатограф здолеў ухапіць няўлоўныя промні сьвятла, якое выпраменьваецца ня з цэнтраў палітычнае ўлады, а з глыбіні людзкіх душаў.
Спадар Кунстадтэр выступаў па-ангельску і па-беларуску. У прыватнасьці ён сказаў?
"Незьлічоную колькасьць разоў я быў сьведкам таго, што сэрца беларускае нацыі б’ецца ў кожным малым, нават у немаўляці, што мова нацыі сьпявае ў кожным жэсьце і кожнай усьмешцы, што беларусы сьціпла і непахісна спраўджваюць словы вялікага беларускага паэта Максіма Багдановіча: “Так кожная пчала умее ў соты мёд сабраць і з горкіх кветак”. Я буду шчасьлівы, калі гэтыя мэлёдыі, гэтыя рытмы, гэтая руплівасьць адаб’юцца ў каторых са здымкаў на гэтай выставе"