Сёньня Аляксандар Старыкевіч разважае пра вынікі сэзону беларускіх футбалістаў.
“Куранят лічаць па восені. Гэта пасуе і да сытуацыі з нашай футбольнай зборнай.
У новы адборачны цыкл з адносна новым першым замежным галоўным трэнэрам Бэрнтам Штанге каманда ўвайшла зь вялікімі спадзевамі. Аднак вынікі абсалютна такія ж, як і з папярэднімі — айчыннымі спэцыялістамі.
У таварыскіх гульнях каманда мела вельмі нават годны вынік. Дастаткова згадаць гульню са зборнай Нямеччыны на яе полі.
Аднак калі надышоў час гульняў сапраўды вырашальных, усё, што атрымалася ў нашых футбалістаў, — гэта перамагчы Андору. Украіне й Ангельшчыне прайгралі…
Нарэшце на гэтым тыдні сэзон быў скончаны таварыскай гульнёй з Кіпрам. Каманда пацярпела досыць прыкрую паразу.
І адразу прыгадалася гульня з Эстоніяй пару гадоў таму якраз позьняй восеньню. Такая ж шэрая і нецікавая…
Такім чынам, заявы наконт таго, што беларускі футбол на ўзьлёце, падставай для якіх стаў прарыў БАТЭ ў Лігу чэмпіёнаў, — перабольшаныя.
Сяргей Алейнікаў, знакаміты наш футбаліст, адзначыў у “Прэсболе”: БАТЭ — асобная гісторыя, і ня варта з посьпеху барысаўскага клюбу рабіць высновы наконт таго, што гэта посьпехі ўсяго беларускага футболу.
Так пакуль што і атрымліваецца.
Але гэта не перашкаджае нам сапраўды парадавацца за БАТЭ, якое сёлета давяло: беларусы ўмеюць гуляць у футбол. У аўторак адбудзецца апошні хатні матч БАТЭ ў групавым турніры Лігі чэмпіёнаў — у Менск прыедзе знакаміты мадрыдзкі “Рэал”.
І з гэтай нагоды вельмі хацелася б пажадаць нашым футбалістам перамогі. Яны яе заслужылі”.
Аляксандар Старыкевіч нарадзіўся ў 1972 годзе. На пачатку 1990-х гадоў ягоныя артыкулы пра карупцыю ў атачэньні прэм'ер-міністра Вячаслава Кебіча ў газэце “Свабода”, якую рэдагаваў Ігар Гермянчук, выклікалі дэбаты ў Вярхоўным Савеце; некаторыя публікацыі далі нагоду для стварэньня адмысловых парлямэнцкіх камісіяў.
Ляўрэат шэрагу міжнародных узнагарод за журналісцкую дзейнасьць.
У 2004 годзе А.Старыкевіч і ягоная газэта “Салідарнасьць” сталі першымі ляўрэатамі ўзнагароды Швэдзкага ПЭН-цэнтру “за ўклад у забеспячэньне свабоды слова”, а ў 2006-м атрымалі Прэмію імя Герда Буцэрыюса “Маладая прэса Ўсходняй Эўропы”.