Маскоўскі пісьменьнік пачаў пісаць па-беларуску

Валер Казакоў

У Горадні Рух “За свабоду” наладзіў творчую сустрэчу з Валерыем Казаковым, які жыве ў Маскве і выпусьціў першую кнігу на беларускай мове “Цень гобліна: апавяданьні, запісы”.

Біяграфічныя зьвесткі на пісьменьніка досыць незвычайныя: нарадзіўся ў 1952 годзе ў Чавускім раёне, закончыў вайсковую вучэльню і Літаратурны інстытут. Палкоўнік запасу, мае ўзнагароды. Працуе ў адміністрацыі прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі, памочнік паўнамоцнага прадстаўніка прэзыдэнта ў Сібірскай фэдэральнай акрузе, сакратар праўленьня Саюзу пісьменьнікаў Расеі. У сваіх творах піша пра тое, што робіцца з чалавекам, калі ён апынаецца ва ўладзе. Падчас сустрэчы сказаў, што лічыць Горадню сваёй духоўнай Мэкай.

Карэспандэнт: “З Валерыем Казаковым прыехаў кіраўнік Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч. Калі чалавек пачаў пісаць у Маскве па-беларуску, гэта само па сабе прыцягвае ўвагу. А што б Вы адзначылі ў творах Казакова важнага, цікавага для Вас?”

Пашкевіч: “Найперш — аўтарскую шчырасьць у падыходзе да вельмі няпростых дзяржавабудаўнічых палітычных падзеяў. Вельмі адкрыты мэтафарычны паказ, амаль нават дэтэктыўны “падкавёрнасьці“ расейскай палітыкі. А да ўсяго вельмі кранальныя, спагадлівыя згадкі пра беларусаў, пра нацыянальную беларускую ідэю, у прыватнасьці, пра крывічоў. Таму я ня думаю, што нават у вялікай літаратурнай Расеі хапае сёньня такіх якраз твораў, як, да прыкладу, кніга “Цень гобліна”, якая выйшла ня толькі па-расейску, але й па-беларуску”.

Беларускі чытач знойдзе ў гэтай кнізе адказы ня толькі на многія падзеі расейскага палітычнага жыцьця, але й нашага беларускага”.

Маскоўскі пісьменьнік падпісвае сваю кнігу чытачу, справа — Алесь Пашкевіч


Карэспандэнт: “А зараз пытаньні да самога аўтара, да Валерыя Казакова. Вы пішыце ў Маскве на беларускай мове, як вы сябе адчуваеце? Я думаю, у Маскве няшмат пісьменьнікаў пішуць не на расейскай мове…”

Казакоў: “Я пішу на расейскай мове. Але гэта першы мой твор, які я сам пераклаў на беларускую мову, і наступная кніжка ўжо напісана мною на беларускай мове, будзе называцца “Халопы аўгусьцейшых дэмакратаў“. Пісаць трэба на беларускай мове, бо мову губляюць ня толькі ў Расеі, але й тут. Хаця нас, беларусаў, ня так ужо мала ў сьвеце засталося”.

Карэспандэнт: “Ці сапраўды ў Крамлі існуе нейкая стратэгія, ня ведаю, захопу Беларусі? Ці расейскую палітыку можна патлумачыць проста адказамі на ініцыятывы, палітычныя крокі беларускага кіраўніка?”

Казакоў: “Гэта цяжкае пытаньне, і на яго вельмі складана адказаць. Я мяркую, уласнай палітыкі, якая датычыць Беларусі, у Расеі няма. І адсюль, можа, тыя беды, якія існуюць у адносінах паміж Расеяй і Украінай, Беларусьсю ды іншымі краінамі былога Савецкага Саюзу”.

Карэспандэнт: “Сваім часам вядомы расейскі праваабаронца Сяргей Кавалёў выгукнуў: “Сёньня Грозны, заўтра — Гродна“. Як вы думаеце, “Гродна“ было ўзятае толькі для рыфмы, ці не?”

Казакоў: “Думаю, што так. Я ня думаю, што да гэтага можа дайсьці. Хоць і ёсьць абсурд у адносінах, зараз у канцы году паглядзім, што будзе з нафтай, як Расея будзе шанаваць сваіх сяброў”.

Карэспандэнт: “Ва ўсякім разе, гораду над Нёманам нічога не пагражае?”

Казакоў: “Я думаю, не (з усьмешкай), не пагражае”.