Пасьля выпадку з беларускай школьніцай Таняй Казырай, якая гэтым летам вырашыла застацца ў ЗША ў сям’і Запатаў, пытаньне аб замежным аздараўленьня беларускіх дзяцей застаецца адкрытым. У той час, як у ірляндзкіх чарнобыльскіх арганізацыях кажуць аб забароне адпачынку чарнобыльскіх дзяцей у эўрапейскіх краінах з боку беларускіх уладаў, у нямецкіх чарнобыльскіх ініцыятывах сьведчаць, што такой забароны пакуль няма. Ёсьць шмат ск ладанасьцяў.
Паводле апошняй інфармацыі, якую "Свабода" атрымала ад прадстаўнікоў чарнобыльскіх ініцыятываў Нямеччыны, аднаўленьне праграмаў аздараўленьня беларускіх дзяцей залежыць ад падпісаньня адпаведных двухбаковых пагадненьняў на дзяржаўным узроўні. Калі гэта будзе зроблена, ніхто ня ведае. Ва ўсялякім разе праект дамовы, паводле нямецкіх крыніцаў, ляжыць у МЗС Нямеччыны, ён павінен разглядацца, аднак пакуль не разглядаецца. Вядома, што некаторыя пункты беларускага праекту выклікаюць пытаньні ў нямецкіх, ды і ня толькі ў нямецкіх партнэраў, бо патрабуюць адпаведных зьменаў у заканадаўствах гэтых краінаў. Размова ідзе пра ўмяшаньне дзяржавы ў дзейнасьць грамадзянскай супольнасьці. Напрыклад, патрабаваньні Менску, каб за мяжу ў складзе групаў выяжджалі дзеці не старэйшыя за 14 гадоў і каб колькасьць паездак дзіцяці ў канкрэтную сям’ю не перавышала трох разоў.
Адзіная краіна, дзе чарнобыльскія праграмы працягваюць дзейнічаць, гэта Італія. Адмысловыя пагадненьні паміж урадамі гэтай краіны і Беларусьсю былі заключаныя хутка пасьля выпадку зь Вікай Мароз. Пасьля адпачынку ў італьянскай сям’і Джуста-Барначын у верасьні 2006, гэтая сірата, не прыбыла ў аэрапорт Генуі, каб адляцець дадому разам з групай беларускіх дзяцей і цягам 20 дзён утайвалася італьянцамі ў адным зь кляштараў у Альпах.
Гісторыю зь Вікай Мароз, дарэчы, па-ранейшаму актыўна абмяркоўваюць у Італіі. Больш за год у Генуэзкім судзе цягнецца працэс на сямейным клянам Джуста- Барначын і двума сьвятарамі, якія дапамагалі хаваць Віку. На шляху падсудных - шматлікія аўтарытэтныя дзіцячыя праваабарончыя арганізацыі Італіі, вядомыя палітыкі. Аднак што тычыць такога магутнага італьянскага грамадзкага руху як “Дзеці Чарнобыля”, то яго прадстаўнікі па-ранейшаму заклікаюць ня блытаць аздараўленьне і чалавечыя сантымэнты. Пасьля выпадку зь Вікай Мароз праграмы аздараўленьня беларускіх дзяцей у Італіі былі прыпыненыя. Прадстаўнікі чарнобыльскага руху асудзілі ўчынак і за падпісаньне адмысловых пагадненьняў з беларускім урадам, у якіх бы даваліся гарантыі вяртаньня беларускіх дзяцей на радзіму.
Дарэчы, прыкладна такую ж пазыцыю занялі і чарнобыльскія ініцыятывы ЗША і Паўночнай Ірляндыі пасьля выпадку зь іншай беларускай школьніцай Таняй Казырай. Пасьля сёлетняга адпачынку ў амэрыканскай сям’і Запатаў, гэтая дзяўчынка вырашыла застацца ў ЗША. Прадстаўнікі чарнобыльскіх рухаў заклікаюць свае ўрады ісьці на кампрамісы зь беларускім бокам, каб захаваць падобныя праграмы ў прынцыпе. Бо, лічаць яны, гэта “адзіны шанец для дзяцей зь міжнародна ізаляванай Беларусі ўбачыць вольны сьвет”.
Генуэскі судовы працэсу пра справе Вікі Мароз, то ён чарговым разам перанесены і адновіцца толькі ў лютым будучага году
Як паведамляюць італьянскія СМІ, ужо выслуханыя ўсе сямёра фігурантаў справы. І італьянскія сужэнцы, і іхныя бацькі, і два сьвятары пад прысягай пацьвердзілі, што Віка Мароз перад заплянаваным ад'ездам дамоў, у інтэрнат, знаходзілася на мяжы суіцыду. Таму італьянцы, паводле іхных словаў, прынялі такое нялёгкае рашэньне як ўтойваньне дзіцяці дзеля ягонага выратаваньня.
Як сьведчаць некаторыя італьянскія псыхолягі, якіх запрасілі для ўдзелу ў працэсе ў якасьці экспэртаў, далейшая дэпартацыя дзяўчынкі на радзіму, не змагла не адбіцца на яе псыхічным стане. Віка больш за два гады ня можа ўбачыцца з тымі, каго лічыць “мамай” і “татам”, яна штодня сумуе па гэтай італьянскай сям’і.