Паводле газэты Irish Times, ірляндзкі міністар паведаміў, што на наступным тыдні з Масквы ў Менск прыбудзе амбасадар Ірляндыі ў Расеі і Беларусі. Ён паспрабуе пераканаць беларускіх чыноўнікаў адмяніць міжнародную забарону на дзіцячае аздараўленьне. Міністар сказаў, што ўрад Ірляндыі цалкам падтрымлівае дзейнасьць ірляндзкага Chernobyl Children’s Project International (CCPI), які ладзіць гэтыя паездкі, і гатовы прадставіць Менску гарантыі і аргумэнты на карысьць працягу гэтай праграмы.
Ірляндзкі міністар лічыць Chernobyl Children’s Project International “выдатным прыкладам дабрачыннасьці і самаахвярнасьці ірляндцаў у вачох міжнароднай грамадзкасьці”.
“Мы вельмі хочам, каб беларускія ўлады падтрымалі гэтую праграму і традыцыя адпачынку і лекаваньня беларускіх дзяцей у Ірляндыі працягвалася”, заявіў у Авіньёне ірляндзкі міністар Майкл Марцін.