А.Лябедзька раскажа пра карупцыю на форуме Кран-Мантана

Анатоль Лябедзька

Сустаршыня Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Анатоль Лябедзька сёньня выступае на форуме Кран-Мантана. Паседжаньне праходзіць у Парыжы, у будынку Нацыянальнай асамблеі Францыі.

Тэма дыскусіі – стан карупцыі ў сьвеце. Сярод удзельнікаў сустрэчы міністры і намесьнікі міністраў юстыцыі, пракуроры і іх намесьнікі з шэрагу краінаў. А.Лябедзька запрошаны на форум у якасьці спэцыяльнага госьця. Як паведаміў ён “Свабодзе” па тэлефоне з Парыжу, “афіцыйных асобаў з Беларусі тут няма”.

Форум штогод праводзіць сваё галоўнае мерапрыемства ў гарадку Кран-Мантана (Швэйцарыя). Акрамя таго пэрыядычна арганізуюцца міжнародныя сустрэчы па якой-небудзь вострай праблеме. Менавіта ў гэтым фармаце і праходзіць і згаданы парыскі форум.

Цікава, што сёньня ж нараду ў справе барацьбы з карупцыяй праводзіць у Менску Аляксандар Лукашэнка.

“Transparency International” ужо шмат гадоў вымярае індэкс успрыманьня карупцыі насельніцтвам розных краінаў сьвету. Дасьледаваньні гэтай арганізацыі сьведчаць пра тое, што карупцыя ў Беларусі ва ўспрыманьні беларусаў за апошнія гады рэзка вырасла: пры канцы 1990-х краіна была сярод 50 дзяржаваў, найменш карумпаваных з пункту гледжаньня грамадзянаў. У 2006 годзе яна была на 151-м месцы са 163-х, у 2007 – на 150-м месцы са 180-ці.

Узровень карумпаванасьці Беларусі сярод іншых краін


Магілёўшчына – самы карумпаваны рэгіён у Беларусі?