У якіх умовах будзе “сядзець” амэрыканец Зэльцэр?

Эмануіл Зэльцэр

Эмануіл Зэльцэр накіраваны ў магілёўскую калёнію. Якія ўмовы чакаюць амэрыканскага адваката ў месцы зьняволеньня?

Сёньня стала вядома, што Эмануіла Зэльцэра ўжо накіравалі ў калёнію ў Магілёў, дзе ён будзе адбываць тры гады зьняволеньня. Паводле адваката Зьмітра Гарачкі, пра гэта яму паведамілі ў менскім сьледчым ізалятары, куды ён прыйшоў, каб сустрэцца са сваім падабаронным. Падрабязнасьцяў пераезду адвакату не паведамілі. У пятніцу спадар Гарачка зьбіраецца прыехаць у Магілёўскую калёнію, дзе спадзяецца атрымаць хаця б некаторыя зьвесткі пра Зэльцэра.

“Сустрэцца, хутчэй за ўсё, зь ім не дазволяць, бо там карантын два тыдні, цягам якіх сустрэчы забароненыя. Але хоць бы даведаюся, як яго давезьлі. У якім ён стане і, магчыма, удасца яму перадаць якія лекі”.

У Магілёве дзьве калёніі — нумар 15 і нумар 19. Апошняя прызначаная для злачынцаў, асуджаных упершыню. Зьміцер Гарачка мяркуе, што якраз у гэтую калёнію і накіруюць Эмануіла Зэльцэра.

Валер Леванеўскі
Бізнэсовец Валер Леванеўскі напачатку 2000-х гадоў быў асуджаны на два гады за зьнявагу прэзыдэнта і частку гэтага пакараньня адбываў у магілёўскай калёніі № 19. Валер Леванеўскі згадвае: тады калёнія лічылася ўзорнай у Беларусі, у ёй Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС упершыню праводзіў экспэрымэнты, якія потым ужываліся ва ўсіх калёніях краіны.

Валер Леванеўскі мяркуе, што яго накіравалі ў гэтую калёнію для “хутчэйшага перавыхаваньня”, але дарэмна. Леванеўскі запратэставаў, што ў калёніі не давалі белага хлебу, і яго хутка перавялі ў іншае месца. І ўсё ж былы палітвязень захаваў збольшага нядрэнныя ўражаньні пра 19-ю калёнію.

“Ёсьць свае нюансы, але адносна нядрэнныя побытавыя ўмовы. Кантынгент там таксама нядрэнны — першы раз асуджаныя. У калёніі 5 сэктараў, у кожным па некалькі атрадаў. Яго, хутчэй за ўсё, накіруюць у першы атрад, гэтак званы гаспадарчы, дзе праца асуджаных зьвязаная з абслугоўваньнем. Там ёсьць неблагая спартовая заля, праўда, на паветры. Можна нават і здароўе паправіць”.

Паводле Валера Леванеўскага, магілёўскія калёніі забясьпечваюцца “турэмным” хлебам. Яго выпякаюць у хлебапякарні 15-й калёніі і прывозяць таксама для вязьняў 19-й. Але “турэмны” хлеб Леванеўскаму не падабаўся — вельмі цяжкі, з вялікай вільготнасьцю, нясмачны: “Ад яго ва ўсіх баляць страўнікі. Відаць, нешта не дадаюць у хлеб, а сьпісваюць, быццам усё зьелі асуджаныя”, — кажа Валер Леванеўскі.

Вядома, што Эмануіл Зэльцэр — цяжка хворы на шэраг хранічных хваробаў. Паводле Леванеўскага, мэдычная частка ў калёніі нядрэнна абсталяваная і там можна разьлічваць на пэўную дапамогу.

“Але ўсё гэта параўнальна. Калі на чалавека “ціснуць”, то яму можна стварыць дрэнныя ўмовы ў самай лепшай калёніі”.

Уладлену Функ, памочніцу і сакратарку Зэльцэра, накіруюць ў Гомельскую жаночую калёнію. Пра гэту калёнію вядома, што там у турэмным двары былі жалезныя клеткі, у якія за парушэньні на некалькі гадзінаў у любое надвор’е зьмяшчалі зьняволеных жанчын.