Госьць ранішняга эфіру “Свабоды” -- адкрывальнік Курапатаў, старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк.
Ганна Соўсь: 1 лістапада ў Курапатах ўпершыню былі злоўленыя вандалы. Іх затрымалі актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, якія наладзілі патруляваньне ўрочышча. Заведзена крымінальная справа, хлопцы, якіх падазраюць у вандалізьме, знаходзяцца ў сьледчым ізалятары. Зянон Станіслававіч, як вы лічыце, ці будуць пакараныя вандалы ўладамі?
Зянон Пазьняк: Па-першае, як можна падазраваць людзей, якіх злавілі на месцы злачынства і зафіксавалі гэтае злачынства. Гэта няправільная фармулёўка. Гэтыя людзі злоўленыя на месцы злачынства, і павінна быць распачатая крымінальная справа. Яна заведзеная. Але тут шмат залежыць ня толькі ад ўладаў і ад суду, але і ад грамадзкасьці, у тым ліку і ад журналістаў.
Калі такой пастаяннай увагі і патрабаваньняў грамадзкасьці ня будзе, то ўлады будуць старацца неяк гэтую справу спусьціць, як кажуць, на тармазах і абмежавацца лёгкім, а можа, і неадэкватным рашэньнем
Соўсь: Вандалізм на могілках – гэта ня толькі злачынства паводле заканадаўства, але учынак, які будзе мець наступствы ў маральным, чалавечым сэнсе. Як вы лічыце, ці ўсьведамлялі гэта караткастрыжаныя маладзёны, якія валілі курапацкія крыжы?
Пазьняк: Думаю, што добра ўсьведамлялі, інкш бы не хаваліся пад ноч. Прытым зразумела, што рабілі яны гэтую гнюснасьць ужо ня першы раз. Гэта сапсаваныя маладзёны, бязбожнікі, маральныя вырадкі. Яны ў непаўналетнім узросьце ўжо былі пьяныя. Не зарабляючы па непаўналецьцю, яны пілі алькаголь за бацькаўскія грошы. Бацькі іх пакрываюць і павінны несьці адказнасьць таксама за тое, што выгадавалі такіх дрэнных дзяцей.
Соўсь: Як вы лічыце, ці магчыма наладзіць паўнавартаснае грамадзкае патруляваньне Курапатаў?
Пазьняк: Курапаты ёсьць дзяржаўная ахоўная зона, гэтае месца павінна ахоўваць міліцыя, гэта іхні абавязак і праца, якая аплочваецца дзяржавай. Неабходна праз адпаведныя інстанцыі абавязаць міліцыю працаваць. Выявіць вандалаў і спыніць вандалізім у Курапатах можна хутка і гэта нецяжка. Міліцыя мае, павінна мець сваю агентуру сярод крымінальных і праблемных групаў насельніцтва. Калі лянота ім займацца такой апэратыўна-вышуковай працай, то можна паставіць пару відэакамэр у інфрачырвоным дыяпазоне. Ды і сабакі ў міліцыі не для таго, каб страшыць дэманстрантаў. Шмат ёсьць магчымасьцяў і прыёмаў, каб спыніць пэрманэнтныя злачынствы ў Курапатах. Паўтаруся: гэта ня ёсьць праблема для міліцыі. А таму натуральна ўзьнікае думка, што інспіруе вандалізм у Курапатах сама ўлада. Як я лічу, то гэта КДБ праз сваіх агентаў уплыву і непасрэдна. А міліцыі сказана -- не ўмешвацца.
Дарэчы, калі міліцыя забірала гэтых вандалаў, побач апынуліся ня толькі пакрывальнікі-бацькі, але і кэгэбісты. Во цікава, як яны там апынуліся ноччу ў патрэбным месцы і часе? Такім чынам выснова зразумелая. Мусіць быць грамадзкае патруляваньне Курапатаў. Але найперш зразумела абсалютна, што рэальна зрабіць гэта змагла б толькі Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ. Гэта значыць партыя сур'ёзных людзей. Але толькі міліцэйскай працы нам яшчэ не хапала ў гэтым стабільным рэжыме. Тым ня менш выбарачнае патруляваньне і назіраньне рабіць прыйдзецца, і мы будзем гэта рабіць.
Соўсь: Зянон Станіслававіч, у нядзелю ў Лошыцы сябры КХП БНФ ушанавалі памяць ахвяраў бальшавіцкага тэрору, у панядзелак ў Менску праходзілі суды над моладзевымі актывістамі, які выставілі перад КДБ расьцяжку “Камунізм пад трыбунал”. Як вы лічыце, як мае прайсьці суд камунізмам у Беларусі?
Пазьняк: Гэта сур'ёзная справа. Займацца судом павінна дэмакратычная праўная беларуская дзяржава. Пры гэтым рэжыме такі суд немагчымы. Але ўжо цяпер трэба ставіць пытаньне аб міжнародным прызнаньні генацыду беларускага народу, які рабілі на нашай зямлі расейскія бальшавікі. Бо камунізм і дзяржава СССР былі толькі формай рускага імпэрыялізму.
"НАД ВАНДАЛАМІ ПАВІНЕН БЫЦЬ АДКРЫТЫ ШМАТЛЮДНЫ СУД"