10 лістапада ў Салігорску да вядомай праваабаронцы Яны Паляковай прыйшоў міліцыянт і запатрабаваў ісьці зь ім у суд.
Паводле міліцыянта, ён атрымаў загад ад свайго начальства прывесьці Палякову ў суд дзеля разгляду яе справы. Аднак у Салігорскім судзе ніякага разгляду справы Яны Паляковай не адбылося. Неўзабаве праваабаронцу адпусьцілі.
Яна Палякова распавяла “Свабодзе”, што судзьдзя Саўчанка выдала ёй копію пастановы пра прымусовы прывод, але не пазнаёміла са справай, якую нібыта на яе завялі, і не патлумачыла яе сутнасьці.
“Мяне і зьневажаюць, і запалохваюць адначасова. Правялі фактычна пад канвоем праз увесь горад, хаця маглі выклікаць у суд позваю, і я б сама прыйшла! Па другое, мне даюць зразумець, што могуць перасьледаваць паводле самай неверагоднай, нават прыдуманай падставы”, — пракамэнтавала сытуацыю Яна Палякова.
Яна Палякова з 2000 году займаецца ў Салігорску праваабарончай дзейнасьцю. Абараняла Івана і Ільлю Шылаў, іншых салігорскіх актывістаў і простых грамадзянаў, якія зьвярталіся да яе па дапамогу. У кастрычніку Яну Палякову зьбіў супрацоўнік міліцыі, на якога праваабаронца падала скаргу ў пракуратуру. Гэтая скарга дагэтуль не разгледжаная.