З нагоды 90-х угодкаў адраджэньня Польшчы, якія прыпадаюць на 11 лістапада, у Горадні плянуюцца некалькі імпрэзаў. Некаторыя зь іх з прычыны супраціву ўладаў апынуліся пад пагрозай.
Сёньня ўвечары ў гарадзенскім Катэдральным касьцёле адбудзецца ўрачысты канцэрт опэрнага хору з Падляскай філярмоніі ў Беластоку з нагоды сьвята незалежнасьці Польшчы. Арганізатары — польская амбасада і генконсульства ў Горадні.
У памяшканьні фірмы “Палёніка” на вул. Будзёнага ўчора ўвечары праходзіў конкурс “Крэсы” сярод школьнікаў, якія дэклямавалі польскія вершы. Але зьявіўся інспэктар пажарнага нагляду разам зь міліцыянтам і сказаў, каб удзельнікі пакінулі памяшканьне. Ён патлумачыў, што паступіў ананімны званок: маўляў, там праводзіцца масавае мерапрыемства, а ў залі няма запаснога выхаду. Кіраўніца неафіцыйнага Саюзу палякаў Анжаліка Борыс патлумачыла, што толькі арандуе памяшканьне ў фірмы “Форт” і не адказвае за яго. Урэшце конкурс удалося давесьці да канца.
Неафіцыйны Саюз палякаў зьбіраўся ўдзельнічаць у міжнародным валейбольным турніры. Арганізатары палічылі лягічным правесьці яго ў школе з польскай мовай навучаньня, збудаванай на грошы польскай дзяржавы. Вось што патлумачыў кіраўнік гарадзкога аддзелу Саюзу палякаў Мечыслаў Яскевіч:
“Польскае консульства арганізоўвала спартыўнае мерапрыемства, прысьвечанае 90-й гадавіне незалежнасьці Польшчы. Зьвярнуліся з просьбай у польскую школу, каб далі правесьці яго ў спартыўнай залі. Прыйшоў нэгатыўны адказ, карацей — атрымалі адмову. Я даведаўся, што прычынай было, што не зьвярнуліся ў афіцыйны Саюз палякаў Лучніка. Але я ведаю, што сама школа зьвярталася ў гарадзкі аддзел адукацыі, але адказ таксама быў адмоўны”.
Карэспандэнт: “А колькі камандаў плянавалася?”
Яскевіч: “Плянавалася дзевяць камандаў: з Польшчы, з Варшаўскага ўнівэрсытэту, зь Вільні павінна была быць, і таксама каманды зь Беларусі”.
Карэспандэнт: “А ў вашым Саюзе палякаў ёсьць свая каманда?”
Яскевіч: “Ёсьць, нават дзьве каманды, адна называецца “Сокал”, яна гарадзенская”.