Гомельскі гарвыканкам не дазволіў апазыцыйным камуністам правесьці сёньня самастойны мітынг з нагоды ўгодкаў Кастрычніцкай рэвалюцыі. Апазыцыянэрам прапанавалі далучыцца да мітынгу на пляцы Леніна, які ладзілі гарадзкія ўлады разам зь мясцовай суполкай КПБ.
Гаворыць замоўнік мітынгу, актывіст гарадзкой арганізацыі Партыі камуністаў Беларускай Уладзімер Бабраўнічы:
“Адказалі: “Далучайцеся да нас”. Абвясьціў гарвыканкам афіцыйнае сьвята на пляцы Леніна і прапанаваў нам далучыцца. А замову на правядзеньне мітынгу ля Палацу культуры “Віпра” не разгледзелі. Карацей, напісалі, каб далучаліся. Напэўна, для масавасьці. А мы тут ня можам ні выступіць, ні пагаварыць зь людзьмі, ні выказацца наконт сьвята. У горадзе нават не відаць, што сёньня — дзяржаўнае сьвята. Няма ні сьцягоў на вуліцах, ні аб’яваў. Сьвята я бачу толькі вось тут, на пляцы. Відаць, людзей прымусілі, каб прыйшлі”.
Апазыцыйныя камуністы скарысталі момант, каб раздаць прысутным газэту “Товарищ”.
“Людзі з задавальненьнем бяруць, літаральна з рук хапаюць. Прапанаваў наша выданьне й міліцыянтам — і толькі яны не ўзялі, сказалі: “Мы на працы”, — распавёў спадар Бабраўнічы.
Дарэчы, афіцыйны мітынг на галоўным пляцы гораду доўжыўся хвілін дваццаць. Як толькі абвясьцілі, што мітынг скончаны, так званыя прадстаўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, навучальных установаў, якія прыйшлі зь дзяржаўнымі сьцягамі, умомант пакінулі плошчу.
Кіраўнік Гомельскай абласной арганізацыі ПКБ Уладзімер Сякерка кажа, што такія зафармалізаваныя мерапрыемствы ўладам выгадныя. Не дазваляюць улады тыя масавыя імпрэзы, якія ідуць з ініцыятывы саміх гараджанаў, асабліва ж — тых, хто настроены да цяперашняга рэжыму крытычна:
“Не дазваляюць нам мітынгаў таму, што наўпрост баяцца палітычнай актыўнасьці людзей, якая будзе ўзрастаць разам з правядзеньнем масавых мерапрыемстваў. Цяперашняй уладзе выгадна, каб грамадзянін быў пасіўны, маўчаў, нікуды не хадзіў. Думаў толькі пра скварку ды чарку”.