Клецкі актывіст Сяргей Панамароў сёньня зноў вывесіў над сваёй сядзібай бел-чырвона-белы сьцяг.
У інтэрвію “Свабодзе” ён заявіў, што ня лічыць 7-га лістапада сьвятам. Таму ў процівагу чырвоным лёзунгам ды, як сам кажа, сьцягу з колерам “пажару над балотам” ён узьняў сымбаль незалежнай Беларусі:
“Мой сьцяг двухмэтровы, ён узвышаецца над двума дахамі, якія таксама пафарбаваныя ў бел-чырвона-белы колер”.
Са словаў суразмоўцы, Клецак да свайго сьвята тутэйшая ўлада рыхтавала тры папярэднія дні рукамі дзяцей:
—Учора быў сыры дажджлівы дзень. Дзеці былі па калена мокрыя. Граблямі цягалі горы лісьця. Калі я пачаў фатаграфаваць, то настаўнікі сварыліся, але ўцякалі самі ад аб’ектыву. Вось такі тут быў маразм у падрыхтоўцы да, як я вызначаю, чорнага дня ў гісторыі”.