Эмануіл Зэльцэр у “Валадарцы” начуе на дошках

Эмануіл Зэльцэр

Адвакат Зьміцер Гарачка наведаў у сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага свайго падабароннага, грамадзяніна ЗША Эмануіла Зэльцэра, асуджанага на 3 гады калёніі.

Зьміцер Гарачка пабачыўся з Эмануілам Зэльцэрам упершыню пасьля таго, як амэрыканскага грамадзяніна перавялі з турмы КДБ (“амэрыканкі”) у сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага. Вядома, што на “Валадарцы”, як ізалятар называюць у народзе, умовы ўтрыманьня горшыя. Пра што даведаўся Зьміцер Гарачка?

“Яго толькі вось зараз пераводзяць з транзытнай камэры ў звычайную. Бяз рэчаў, бязь лекаў — вось так паўтара дні. Кажа, што спаў на дошках. У транзытнай камэры ўмоваў ніякіх — няма матрасу, нічога няма. Лекі туды яму не перадавалі. Харчаваньне там нейкае, пэўна, ёсьць, але дакладна ня ведаю. Куды яго накіруюць адтуль, невядома. Я спрабаваў гэта высьветліць, але ня кажуць. Мяркую, недзе тыдзень яго там яшчэ пратрымаюць, на “Валадарцы”, а потым — па этапе”.

Паводле Зьмітра Гарачкі, у такіх жа ўмовах апынулася і сакратарка Зэльцэра Ўладлена Функ (Брускова). “Яна ні на што ня скардзілася, акрамя таго, што па-ранейшаму, як і Зэльцэр, кажа пра сваю невінаватасьць”, — паведаміў Зьміцер Гарачка.

Нагадаю, Эмануіл Зэльцэр быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня за камэрцыйны шпіянаж супраць Беларусі. Вінаватым амэрыканскі адвакат сябе не прызнае, як і Ўладлена Функ, якую асудзілі на 1 год калёніі. 31 кастрычніка скаргі Зэльцэра і Функ на прысуд Менскага гарадзкога суду разглядаў Вярхоўны суд Беларусі, які пакінуў прысуды бязь зьменаў.