Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 05 лістапада 2008 году
У гэтыя дні, калі сьвет перажывае наступствы глябальнага эканамічнага крызісу, шмат хто ў Беларусі задае сабе пытаньне: як заняпад сусьветнай гаспадаркі адаб’ецца на жыцьці беларусаў? Чаго варта чакаць у блізкай будучыні?
Адказ на гэтае пытаньне спрабуюць даць і некаторыя слухачы ў сваіх лістах на “Свабоду”. З аднаго такога допісу пачну сёньняшнюю размову. Нам піша Кастусь Казько зь Нясьвіскага раёну:
“Дзіўна, што нашы ўлады так мала гавораць пра крызіс. Паглядзіш дзяржаўнае тэлебачаньне, дык крызіс недзе далёка — на Захадзе і ў Расеі. А ў Беларусі — суцэльныя дасягненьні, рост эканомікі, рэкордны ўраджай. І ўвогуле мы выбралі такую дасканалую эканамічную мадэль, што нам ніякі крызіс ня страшны. Сама Амэрыка бярэ з нас прыклад: забірае пад дзяржаўнае крыло прыватныя банкі і фінансавыя кампаніі, якія сталі банкрутамі.
Але чаму пры такіх посьпехах у нас адзін за другім скарачаюць вытворчасьць заводы? Чаму вельмі цяжка памяняць на цьвёрдую валюту беларускія рублі? Чаму перасталі расьці заробкі ды пэнсіі, а вось цэны на самае неабходнае нібы з ланцуга сарваліся?
Цяпер настаў момант, калі для ўсіх стане відавочнай сапраўдная цана так званага “беларускага эканамічнага цуду”. Наступствы гэтага цуду пачалі адчуваць многія”, — напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Кастусь Казько зь Нясьвіскага раёну.
Беларуская эканоміка арыентаваная найперш на экспарт. І калі ў сьвеце зьніжаецца попыт на нафтапрадукты, калійныя ўгнаеньні, харчаваньне — гэта ніяк ня можа абмінуць Беларусь.
Тое, што прадстаўнікі ўлады спрабуюць супакоіць грамадзкую думку, запэўніць у трываласьці нацыянальнай эканомікі і банкаўскай сыстэмы — відавочна, тлумачыцца боязьзю панічных настрояў сярод укладчыкаў банкаў. Гэтая боязь зусім апраўданая і абгрунтаваная, бо паніка можа мець у сёньняшніх умовах катастрафічныя наступствы.
Іншая рэч — тое, што беларускія навукоўцы, адмыслоўцы, аналітыкі ня маюць магчымасьці публічна абмяркоўваць сытуацыю, у якой апынулася нацыянальная эканоміка ў выніку крызісу, і супольна шукаць выйсьце зь яе. Замоўчваньне зусім не спрыяе таму, каб у грамадзтве было цьвярозае, аб’ектыўнае ўяўленьне пра сапраўдны стан беларускай гаспадаркі. А значыць, і пошук выйсьця ня будзе лёгкім і простым.
Тэма новага ліста нашага сябра Мікалая Куксо з пасёлку Івянец Валожынскага раёну — маральнае аблічча сучаснай беларускай моладзі. Слухач піша:
“На маленькім мосьце праз рачулку, па якім так зручна скараціць шлях да крамы, сыстэматычна з году ў год выломваюцца парэнчы. Расстаўленыя на беразе вадасховішча лаўкі абавязкова выкідаюцца ў ваду. Вазы з кветкамі ўздоўж вуліцы разьбіваюцца, а сьметніцы — перакульваюцца. Псуюцца дарожныя знакі. Нават шыльда ў кавярні, дзе маладзёны падмацоўваюцца падчас дыскатэчных забаў, аказваецца пабітай. І нікога не турбуе, што руйнуецца чалавечая праца, а ў гэты час дзесьці ў калгасах застаюцца пад сьнегам бульба ці буракі. Нікога гэта сёньня не бянтэжыць”.
Далей у сваім лісьце на Свабоду Мікалай Куксо разважае пра тое, што стала прычынай такіх паводзінаў моладзі. Слухач піша:
“Мяркую, што гэта — ня толькі адрыганьне мінулых савецкіх часоў, якія цяперашняя моладзь ня памятае. Гэта — наступства палітыкі “чаркі і скваркі”, адсутнасьці рэформаў, што прывяло да застою і стагнацыі і ў эканоміцы, і ў цэлым у грамадзтве. Моладзь ня мае ясных і пэўных арыенціраў, і вандалізм — своеасаблівы пратэст супраць галечы і беспрасьветнай будучыні.
Дарэчы, вельмі цікава, што моладзь ня б’е шыльды ў прыватных крамах, не расьпісвае там сьцены непрыстойнасьцямі, не ламае ля іх дэкаратыўных дрэў. А чаму? Бо ведае, што ўсё гэта чалавек зрабіў на ўласныя грошы. Больш за тое, яна ведае гэтага чалавека і паважае яго за руплівасьць. А дзяржаўная маёмасьць — нібыта агульная і адначасова нічыя. Калі моладзь ня мае нічога за душой, калі ў яе няма пэрспэктывы — дык ніколі ня зьявіцца пачуцьцё гаспадара краіны, мястэчка, вуліцы, а ўрэшце — любові да Радзімы, якая нічога ня можа даць моладзі, акрамя чаркі ды скваркі. Крыўдна і сумна”, — напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Мікалай Куксо з пасёлку Івянец Валожынскага раёну.
Ня думаю, спадар Куксо, што пра малалетніх хуліганаў варта гаварыць выключна як пра ахвяраў грамадзкага ладу і жыцьцёвых абставінаў. І ад набегаў на прыватныя крамы яны ўстрымліваюцца наўрад ці толькі з прычыны вялікага піетэту да прыватнай уласнасьці. Проста ведаюць, што прыватнік пільна ахоўвае сваю краму і там вялікая верагоднасьць атрымаць добрых кухталёў за такія штукарствы. Іншая рэч — прыпынак грамадзкага транспарту, лава ў парку ці дыскатэка...
Увогуле, праблема побытавай культуры, грамадзкіх паводзінаў моладзі — даўняя. Тут усё на “дыктатарскі рэжым” ня сьпішаш. І выхоўваць такіх бэйбусаў толькі ўшчуваньнямі не выпадае. Вядома, да кожнага зь іх міліцыянта не прыставіш. Але міліцыі ў Беларусі столькі, што калі б яна найперш цікавала за тымі, хто паскудзіць у пад’ездах і парках, а не пільнавала грамадзка актыўную моладзь і не разганяла апазыцыйныя акцыі — аблічча беларускіх паселішчаў было б прыкметна іншым.
Наступны кароткі ліст даслаў нам настаўнік-пэнсіянэр Алесь Ляскоўскі зь вёскі Сугакі Ваўкавыскага раёну. Разважаючы пра пасьлявыбарчыя беларускія рэаліі, слухач піша:
“Я зьнямог у чаканьні пазытыўных зьменаў у нашым грамадзтве. Аднак усё роўна пастаянна слухаю перадачы Радыё Свабода, спадзеючыся на магчымы цуд з-за воблачных вышыняў для нашага шматпакутнага народу.
Пра апошнія падзеі ў Беларусі — мой наступны вершаваны твор:
“Улада, што сама сябе выбірае,
Ні сумленьня, ні сораму цалкам ня мае,
У злачынныя гульні з народам гуляе.
Аднак помніць трэба, прыўладны блудны люд,
Што апроч зямнога, ёсьць і Боскі суд!” —
Сапраўды, Алесь Іванавіч, многія ў сёньняшняй сытуацыі спадзяюцца толькі на “завоблачны цуд”. Хоць калі б прыкладалі дзеля зьменаў уласныя намаганьні — магчыма, і выбары ў Беларусі праходзілі інакш, і сёньняшняе жыцьцё было б зусім іншым.
На заканчэньне — ліст ад мужа і жонкі Капіталіны Рабцавай і Мікалая Гошкі з пасёлку Слаўнае Талачынскага раёну. Слухачы распавядаюць пра свой няпросты лёс, выказваюцца наконт таго, якое месца займае ў іхным жыцьці Радыё Свабода. Цытую ліст:
“Мы — былыя настаўнікі, у свой час шмат папрацавалі зь дзецьмі. Цяпер на пэнсіі. Можна было б неяк пражыць, калі б разам са старасьцю не прыйшлі да нас і цяжкія выпрабаваньні. Мы страцілі двох сваіх сыноў. Малодшы — Сяргей — быў студэнтам 4 курсу Менскага тэатральна-мастацкага інстытуту. Загінуў пры нявысьветленых абставінах падчас рок-канцэрту ў Менску. Яму было ўсяго 24 гады.
Думалі, што ня зможам перажыць гэтае вялізнае гора, якое нас напаткала. Але тады мы былі маладзейшыя і неяк змаглі прадоўжыць жыць і працаваць.
Ды лёс рыхтаваў нам новы ўдар. Два гады таму раптоўна памёр старэйшы сын Аляксандар — нечакана спынілася сэрца. Як такое перажыць старым і хворым? У выніку муж перанёс цяжкі інфаркт, а я зьлегла і цяпер прыкутая да ложка. Дзякуй Богу, што ня страцілі розум. Цікавасьці да жыцьця няма, але неяк жыць трэба да свайго дня...
Дык вось, жыць нам дапамагаеце вы, Радыё Свабода. Вашы прыгожыя галасы мы слухаем кожную раніцу. Адчуваем з вашых перадач дабрыню і ўважлівасьць да людзей, якім “Свабода” дапамагае ня толькі жыць, але і выжываць. Ведаем імёны і прозьвішчы ўсіх вашых супрацоўнікаў і вельмі ўдзячны за ўсе перадачы.
На жаль, нядаўна нечакана сапсаваўся наш прымач. Адрамантаваць яго не змаглі. Купіць новы не па кішэні, бо вялікая частка нашых пэнсій аддаецца на лекі. Так шкада, што ня можам больш чуць вас”, — напісалі ў сваім лісьце на “Свабоду” Капіталіна Рабцава і Мікалай Гошка з пасёлку Слаўнае Талачынскага раёну.
Дай вам Бог сілаў і цярпеньня, паважаныя Капіталіна Міхайлаўна і Мікалай Іванавіч, перажыць гэтыя цяжкія выпрабаваньні, што выпалі на вашу долю. Мы шчасьлівыя, што наша праца хоць у нейкай ступені дапамагае вам, абуджае цікавасьць да жыцьця, да навакольных падзеяў. Будзем рады, калі наш невялікі падарунак — кароткахвалевы прыймач — дапаможа ў гэтым вам, даўнім сябрам “Свабоды”.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by