Галоўны лекар Менскага кансультацыйна-дыягнастычнага цэнтру Анатоль Талкачоў вылучаны ў Савет Рэспублікі ад гораду Менску.
Пра гэта “Свабодзе” сёньня паведаміла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына. Мяркуецца, што ЦВК 14 лістапада зарэгіструе ягоную кандыдатуру.
Адна вакансія ў сьпісе так званых сэнатараў ад сталіцы зьявілася пасьля таго, як паўтара месяца таму протаярэй Фёдар Поўны напярэдадні рэгістрацыі нечакана зьняў сваю кандыдатуру.
Канстытуцыя Беларусі вызначае — у склад верхняй палаты Нацыянальнага сходу ўваходзяць 64 асобы. Кожная вобласьць і горад Менск вылучаюць па 8 чалавек, а яшчэ 8 прызначае кіраўнік дзяржавы.
На сёньняшні дзень у склад верхняй палаты ўваходзяць 56 чалавек: 6 рэгіёнаў выкарысталі сваю квоту цалкам, а Менск прадстаўлены 7 асобамі. Аднаго “сэнатара” ўжо прызначыў Аляксандар Лукашэнка. Гэта — Барыс Батура, які цяпер ачольвае Савет Рэспублікі.