Дэлегацыя Эўразьвязу на чале з намесьнікам генэральнага дырэктара Генэральнага дырэктарату па зьнешніх сувязях Эўракамісіі Х'юга Мінгарэлі знаходзіцца зь візытам у Менску.
Дэлегацыя сустрэнецца з прадстаўнікамі афіцыйнага Менску і дэмакратычнай апазыцыі.
Х'юга Мінгарэлі сустрэўся ў Менску з афіцыйнымі асобамі, у прыватнасьці — у Міністэрстве замежных спраў. Прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Папоў адносна мэтаў візыту адзначыў:
“Гэта працяг дыялёгу, які мы вядзем з Эўрапейскай камісіяй вось ужо пэўны час. Аб тым, пра што бакі выказаліся на пасяджэньні 13 кастрычніка ў Люксэмбургу”.
Амбасадар Польшчы ў Беларусі Генрык Літвін, выступаючы на беларуска-польскім эканамічным форуме ў Менску “Добрасуседзтва-2008”, адзначыў, што перамовы адбываюцца на даволі высокім узроўні. А іх вынікі павінны стаць “асновай для больш інтэнсіўнага разьвіцьця стасункаў у бліжэйшай будучыні як у палітычнай, так і ў эканамічнай сфэры”. Спадар Літвін разьлічвае, што “пазытыўны ход гэтых перамоваў сапраўды адкрые новы разьдзел у супрацоўніцтве паміж Беларусьсю і Эўразьвязам”. Адказваючы на пытаньні карэспандэнта “Свабоды”, спадар Літвін адзначыў, што дэлегацыя прыехала з канкрэтнай “дарожнай мапай” таго, што чакае Эўразьвяз ад Беларусі, з канкрэтнымі прапановамі.
“Цяпер вядуцца перамовы, прыехала дэлегацыя Эўразьвязу з дастаткова канкрэтнай карцінай таго, як павінны разьвівацца стасункі, чаго чакае Эўразьвяз ад Беларусі, што прапануе Беларусі. А мы проста падтрымліваем структуры Эўразьвязу ў гэтай працы. Удзельнічаем у падрыхтоўцы гэтых прапаноў, чаканьняў. Але пакуль пакідаем працу структурам Эўразьвязу”.
Спадар Літвін адзначыў, што Польшча выступае за зьмяншэньне кошту шэнгенскіх візаў і спрашчэньне паездак грамадзянаў Беларусі ў краіны Эўразьвязу.
Сёньня таксама адбудзецца сустрэча спадара Мінгарэлі з амбасадарамі эўрапейскіх краінаў, акрэдытаваных у Менску. І сёньня ж дэлегацыя Эўразьвязу сустрэнецца з прадстаўнікамі дэмакратычнай апазыцыі. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька адзначыў:
“У нас гатоўнасьць нумар адзін. Наша задача і на гэтай сустрэчы — у тым ліку прасоўваць тыя чатыры “кошыкі”, якія ў нас ёсьць і якія могуць стаць зьместам “дарожнай мапы”. Будзем рабіць акцэнт на герархіі прыярытэтаў. І на тым, што час ідзе, ужо засталося не 6, а 5 месяцаў”.
Нагадаем, 13 кастрычніка ў Люксэмбургу рада Эўразьвязу прыняла рашэньне прыпыніць на 6 месяцаў візавыя санкцыі адносна Аляксандра Лукашэнкі і шэрагу чыноўнікаў. Тады ж адбылася сустрэча міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава зь вярхоўным прадстаўніком Эўразьвязу па зьнешняй палітыцы і бясьпецы Хавіерам Салянам. На ёй была дасягнута дамоўленасьць пра тое, што Менск наведае дэлегацыя Эўразьвязу. Спадар Мартынаў выказаў тады гатоўнасьць афіцыйнага Менску да паляпшэньня дачыненьняў і пераадоленьня разыходжаньняў.