Вяртаньне праз 20 гадоў
Сярэдні ўзрост міністра ў Эстоніі – 35 гадоў. І гэта не выпадковасьць, а сьвядомая палітыка – ставіць на ключавыя пасады ў дзяржаве людзей, якія ня маюць савецкага досьведу, а маюць дыплёмы заходніх унівэрсытэтаў.
Гэтаму сярэдняму эстонскаму міністру было ўсяго 15 гадоў, калі я апошні раз быў у Таліне. Тады горад гудзеў ад мітынгаў Народнага Фронту, на вуліцах зьбіралі подпісы за вызваленьне палітвязьняў, на знакаміты мітынг на Сьпеўным полі ў Таліне сабралася ледзь не траціна насельніцтва рэспублікі. З Эстоніяй, ня надта блізкай тады, а яшчэ больш далёкай зараз, зьвязаны паваротны момант ва ўласнай біяграфіі. Мой брат Алег Манаеў быў знаёмы з эстонскімі сацыёлягамі, у тым ліку і з адной са стваральніц НФЭ Мар’ю Лаўрысьцін. У 1988 годзе ён з камандзіроўкі прывёз дзіва – газэты Народнага Фронту Эстоніі, праграмы, улёткі. Ну, і загарэліся: а як бы тое ў нас? Ну, не адны мы загарэліся, уласную ролю ва ўсясьветных падзеях ня варта перабольшваць, але вось такое збліжэньне лёсаў і краінаў. Дарэчы, спадарыня Лаўрысьцін потым была дэпутатам парлямэнту незалежнай Эстоніі, балятавалася на прэзыдэнта, а пазьней вярнулася ў навуку, выкладае сацыялёгію ў Талінскім унівэрсытэце.
Па-свойму сымбалічны лёс. І самы Талін сёньня – ціхі сярэднеэўрапейскі горад. Праўда, вельмі прыгожы і стыльны. Не пакідае адчуваньне, што ён нібыта ўвесь пабудаваны адным архітэктарам, неяк спалучаецца сівізна сярэднявечча і сучасныя шкляныя гмахі.
Ну, а як нас туды занесла цяпер, на мінулым тыдні? За гэта дзякуй фонду “Адкрытая Эстонія”, супольнасьці “Трэці шлях” і беларуска-эстонскаму таварыству «Valgevene uus tee». Менавіта ім надумалася запрасіць мяне і выдаўца БДГ Пятра Марцава распавесьці эстонцам, як жыве, чым дыхае Беларусь, і чаго ад яе варта чакаць. Ну, і распавялі: за пару дзён паўдзясятка інтэрвію радыё, ТБ, газэтам, агульная прэсавая канфэрэнцыя, сустрэча ў парлямэнце. Мы з Пятром далі сабе вызначэньне: “трупа бадзягаў-аналітыкаў”. Так шмат распавядалі пра Беларусь, што нават самі, здаецца, нешта зразумелі.
Навошта эстонцам Беларусь?
У тым ліку і паспрабавалі зразумець, чым Беларусь цікавая эстонцам? Усё ж адносіны саміх беларусаў да балтыйскіх краінаў вельмі выразна ранжыраваныя: больш за ўсё цікавыя літоўцы, браты, можна сказаць, значна меней – латышы, ну, а эстонцы – гэта ўжо зусім неяк далёка. Тое самае і ў эканоміцы. Многія ведаюць пра ціхае спаборніцтва за беларускі транзыт паміж Клайпедай і Вэнтспілсам, Талін у гэтым спаборніцтве ня ўдзельнічае.
Тым ня менш, адзін з чыньнікаў эстонскага зацікаўленьня – якраз эканоміка. У першыя гады адноўленай незалежнасьці эстонская эканоміка рэзка рванула наперад, дзякуючы жорсткім рынкавым рэформам і надзвычай удалай валютнай палітыцы. На некалькі гадоў краіна стала вітрынай рэформаў. Ну, а зараз ня тое каб вялікія праблемы, але пэўнае запавольваньне росту назіраецца. Да таго дадалося і далучэньне да Эўразьвязу – разам з шэрагам розных дабротаў адкрытыя межы працуюць як насос, высмоктваючы працоўную сілу. Тым больш што побач блізкая ва ўсіх сэнсах Фінляндыя. А што там у Беларусі, якія магчымасьці? Гэта эстонскіх бізнэсоўцаў раптам стала цікавіць. Не разьлік на панацэю, але ўжо нейкі інтарэс.
Але эканамічны інтарэс спалучаецца зь інтарэсам больш шырокім, які абумоўлены паваротам у палітыцы ўсяго Эўразьвязу адносна Беларусі, сэнсацыйным прыпыненьнем санкцый адносна “апошняй дыктатуры Эўропы”. Якія гэта дае шанцы на перамены ў Беларусі, якія магчымасьці адкрывае для Эўропы – гэтыя пытаньні цікавілі і журналістаў, і асабліва палітыкаў. Гэтым разам пытаньне: “Чым мы можам дапамагчы?” – якое традыцыйна задаецца падчас такіх размоваў, тычылася ня толькі праваабароны і дапамогі грамадзянскай супольнасьці , але і стасункаў з краінай у цэлым, таму, як маленькая краіна, але паўнапраўны сябра эўрапейскай супольнасьці можа паўплываць на новы парадак дня Эўропы адносна Беларусі.
Дзьве грамады – дзьве Эстоніі?
Распавядаючы пра Эстонію, нельга абмінуць праблему, якую так любяць беларускія і расейскія афіцыйныя мэдыі – адносіны паміж эстонскай і расейскамоўнай грамадой. Сказаць, што за пару дзён атрымалася ўсё зразумець – дык не. Атрымалася зразумець складанасьць праблемы і адначасна недарэчнасьць крайніх ацэнак. Першае ўражаньне – гэта даволі разнастайны спэктар расейскамоўных мэдыяў, якія выглядаюць даволі жыцьцяздольнымі. Прычым, паводле нашых суразмоўцаў, пераважная частка зь іх маюць выразную прарасейскую арыентацыю. “Чаму вашых апазыцыянэраў так любіць эстонскі друк, і так ня любіць расейскамоўны друк Эстоніі?” – спыталі мяне падчас аднаго інтэрвію. Давялося адказаць, што гэта больш характарызуе друк Эстоніі, чым беларускіх апазыцыянэраў.
Дарэчы, цікавая дэталь. Пасьля беларускай Плошчы ў сакавіку 2006 году эстонскі ўрад выдзяліў грошы на навучаньне 12 беларускіх студэнтаў, выключаных з ВНУ паводле палітычных матываў. Хлопцы і дзяўчаты ўжо ўладкаваліся, многія няблага вывучылі эстонскую мову, некаторыя вучацца па-расейску. Нядаўна беларускія студэнты склалі зварот да новай палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу Беларусі з просьбай не прызнаваць незалежнасьць Паўднёвай Абхазіі і Асэтыі. Зварот падпісалі некаторыя эстонскія дзеячы. Беларускія студэнты з гонарам распавядалі, як расейскамоўны друк абрынуўся на іх, ахрысьціўшы здраднікамі. Тут цікавы і тон выданьняў і маштаб – як жа спакойна павінна жыць краіна, калі бяскрыўдная актыўнасьць тузіна замежных студэнтаў робіцца прадметам увагі мэдыяў.
Яшчэ цікавы момант – палітычная інтэграцыя. Расейскамоўная грамада Эстоніі даволі вялікая, немалая яе частка зьяўляюцца і грамадзянамі Эстоніі, у некаторых рэгіёнах расейскамоўныя складаюць больш за 90% насельніцтва, але ніякіх рускіх партый у краіне няма. Эстонскія партыі, прычым амаль ва ўсім спэктры, інтэгруюць палітычна актыўных расейскамоўных у свае шэрагі, уключаючы іх у палітычны працэс як грамадзянаў, а не прадстаўнікоў пэўнай этнічнай ці моўнай групы.
Праўда, ад расейскамоўных можна пачуць і менш аптымістычны погляд: і пра тое, якім шокам для грамады быў канфлікт вакол “Бронзавага салдата”, і што расейскамоўным, нават зь веданьнем эстонскай, надзвычай цяжка патрапіць на дзяржаўныя пасады, і пра тое, што грамады жывуць фактычна паасобку з даўняга часу – нават у савецкія часы былі прадпрыемствы “эстонскія”, дзе працавалі амаль адны эстонцы, і прадпрыемствы “рускія”, дзе эстонцаў амаль не было. Каб стаць сваім для эстонцаў – казалі мае суразмоўцы – мала ведаць мову, трэба паводзіць сябе, як эстонец, думаць, як эстонец.
Словам, усё ў Эстоніі складаней, чым здаецца. Падумался, што і Беларусі гэта тычыцца.