Эўрапарлямэнт дапаможа беларусам

Эўрапейскі парлямэнт ў першым чытаньні зацьвердзіў выдзяленьне фінансавых сродкаў на стварэньне Міжнароднага цэнтру дапамогі ліквідатарам-чарнобыльцам.
З такой прапановай да эўрадэпутатаў зьвярнуліся прадстаўнікі грамадзкіх арганізацый “Саюз-Чарнобыль Беларусь” і “Саюз-Чарнобыль Украіна”. Плянуецца, што Міжнародны цэнтар будзе пабудаваны на базе санаторыя “Пушча Водзіца” каля Кіеву.

Міжнародны цэнтар мае на мэце навуковую і практычную дзейнасьць у справе дапамогі ліквідатарам-чарнобыльцам. Пацярпелыя змогуць атрымаць там курс лекаваньня, праходзіць абсьледаваньне на вызначэньне групы інваліднасьці. Наколькі неабходна сёньня гэтая праца і чаму Міжнародны цэнтар мае зьявіцца ва Ўкраіне, тлумачыць кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня “Саюз-Чарнобыль Беларусь”, ліквідатар-чарнобылец Аляксандр Ваўчанін:

Праблема ня толькі беларуская, але гэта праблема
эўрапейская
“Дагэтуль ніхто сур’ёзна не займаўся гэтымі пытаньнямі: навуковымі дасьледаваньнямі, мэдычнай дапамогай і санаторна-курортным лячэньнем. І зараз склаўся такі добры калектыў людзей, якія за гэта хварэюць душой. Нас падтрымаў і Эўрапарлямэнт, які выдзяляе сродкі на будаўніцтва такога цэнтру. Гэта сьведчыць пра тое, што праблема ня толькі беларуская, але гэта праблема эўрапейская. І калі нашая дзяржава зразумее, што трэба працаваць з грамадзкімі арганізацыямі, то такія інвэстыцыі пойдуць у краіну. Яны адразу сказалі: так, мы будзем гэтым займацца і дапаможам вам, беларусам”.

Паводле спадара Ваўчаніна, праца Цэнтру будзе распаўсюджвацца на пацярпелых з Украіны, Беларусі, Літвы і Расеі. Узначаліць Міжнародную структуру прадстаўнікі грамадзкіх чарнобыльскіх арганізацыяў прапанавалі прафэсару Юрыю Бандажэўскаму, які падтрымаў саму ідэю:

“Я вельмі задаволены тым, што ёсьць калегі-аднадумцы, якія жадаюць працаваць у гэтай праблеме. Я лічу, што вельмі складана такую праблему падняць з аднаго боку. Таму пытаньне стаіць менавіта празь міжнароднае супрацоўніцтва. Радыяцыя межаў ня ведае, і таму тут павінна быць супрацоўніцтва. І калі ёсьць магчымасьць сабраць лепшыя сілы і сродкі, каб вырашыць гэтую вельмі складаную задачу – дапамагчы чалавеку выжыць, то трэба гэтую магчымасьць выкарыстоўваць. Найперш думаючы пра тое, каб нашая краіна была”.