Традыцыйнае адзначэньне Дзядоў прайшло сёньня ў Антвэрпэне.
Паніхіду за ўсіх загіблых беларусаў адслужыў а. Ян Майсейчык – сьвятар беларускай уніяцкай царквы ў грэка-каталіцкай беларускай парафіі Сьвятога Пакутніка Язафата Полацкага і Ўваскрашэньня Хрыстова ў Антвэрпэне ў Бэльгіі.
Пры гэтай беларускай царкве згуртаваныя беларусы і Бэльгіі, і Францыі.
Лідэр Беларуска-Эўрапейскага задзіночаньня Зьміцер Піменаў паведаміў, што пасьля паніхіды беларусы ў горадзе Лювэне наведалі магілу Міколы Равенскага, якога “ўсе палітуцекачы лічаць сваім Дзедам”.
”Мы памятаем пра Дзядоў і просім у іх сілы змагацца за волю і дабрабыт Беларусі”, – сказаў З.Піменаў.