“Асоба Зянона Пазьняка была вырашальная”

Сёньня спаўняецца 20 гадоў першай масавай акцыі ў гонар Дня памяці продкаў “Дзяды”. Мітынг 30 кастрычніка 1988 году быў гвалтоўна разагнаны.


Дасьледчык гісторыі антыкамуністычнага паваеннага супраціву, кандыдат гістарычных навук Міхась Чарняўскі згадвае гэты дзень:

Міхась Чарняўскі
“Маё першае ўражаньне было – гэта мноства людзей. Людзі вельмі хутка ішлі. Старыя, сярэдняга ўзросту, школьнікі, нават дзеці. На тварах былі зацятасьць і мэтанакіраванасьць. І ад ідэі, і ад імкненьня праламаць вось гэту сьцяну камуністычную. Можа таму, што й вецер быў, ішлі такія нахіленыя ўперад. І мне ўспомнілася купалаўскае: “А хто там ідзе?” Выйшлі беларусы. Выйшлі, каб звацца людзьмі. Бо надакучыла ўжо быць будаўнікамі нечага эфэмэрнага.

Ну, а тое што былі гэтыя вадамёты, міліцыі было многа і машыны з салдатамі, то гэта ў прынцыпе чакалася. Канечне, гэта было вельмі трывожна. Я шукаў яшчэ жонку, яна пайшла на могілкі. Я неяк пабег туды, пасьля назад – і ўжо была такая сьцяна міліцыі. Можа й быў нейкі страх, але такая ўзьнёсласьць! Такі адрэналін быў у крыві! Памятаю, крычалі:”Вандэя!”. Пасьля Алеся Адамовіча інтэлігенцыя ведала гэты выраз.

Сапраўды, людзі адчулі сябе людзьмі. Вось гэта плячо да пляча – гэта пачуцьцё нацыі. Фактычна, вось тут нараджалася нацыя. З насельніцтва нараджалася нацыя. Гэта як лявіна сьнегу з гор – павінна нешта скрануцца. Вось гэта быў штуршок, зь якога пайшла гэта лявіна адраджэньня. І роля Зянона Пазьняка мела велізарнае значэньне. Я думаю, тады асоба Зянона Пазьняка – была вырашальная”.