Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З.Пазьняк: “Ня будзе годнасьці – ня будзе і будучыні”


30 кастрычніка 1988 году ў полі па дарозе на Курапаты адбыўся легендарны мітынг памяці ахвяраў сталінізму. З гэтага мітынгу ў Беларусі пачалася навейшая гісторыя: Народны фронт і новае беларускае Адраджэньне. Госьць Свабоды – старшыня КХП БНФ Зянон Пазьняк.

(Карэспандэнтка: ) “20 гадоў таму на мітынгу Вы зачыталі дэклярацыю таварыства “Мартыралёг”, у якой выкрываліся злачынствы сталінізму і патрабаваліся ад ураду захады па асуджэньні тых злачынстваў і ўвекавечаньні памяці рэпрэсаваных. Што недасказанага тады варта было б, на Вашу думку, сказаць сёньняшнім удзельнікам мітынгу: сучаснаму пакаленьню?”
(Пазьняк: ) “На мітынгу ў полі – гэта была прамова свайго часу: часу панаваньня камунізму і КПСС. І трэба было гаварыць пра свабоду ў тых катэгорыях, якія людзі маглі тады ўспрымаць. Тады я яшчэ не сказаў слоўна пра канец камунізму, але было сказана, што ўлады баяцца вольных людзей, і што іхная агрэсія і паводзіны сьведчаць пра агонію сыстэмы. Я казаў, што яны – палітычныя банкруты, якія давялі Беларусь да роспачы.
Наступны тэзіс, які мне запомніўся, і які быў і тады, і застаецца цяпер вельмі важным для ўсіх беларусаў – гэта неабходнасьць усьведамленьня нашай гістарычнай велічы і разуменьне неадпаведнасьці марнага стану, у якім мы тады знаходзіліся. Таму я казаў, што мы павінны сябе паважаць, што мы – вялікі народ, што ў нас вялікая культура, што трэба дамагацца, каб паважалі наш народ, нашу гісторыю, нашы нацыянальныя сымбалі. Дарэчы, гэтых сымбаляў тады ніхто ня бачыў, і акурат тут, у полі, яны былі ўпершыню паднятыя над людзьмі.”
(Карэспандэнтка: ) “Ці трэба, на Вашу думку, да новага пакаленьня сёньня зьвяртацца зь іншымі словамі?”
(Пазьняк: ) “Усё застаецца надзённым, што было тады да людзей сказана – менавіта: шануйце не на словах, а на справе сваю беларускую культуру, сваю мову і свой нацыянальны гонар. Ня будзе годнасьці – ня будзе і будучыні. Будуць пляваць у твар і біць палкамі па галаве, не зважаючы ні на розум, ні на талент, ні на вучонасьць. Так што як сам сябе паставіш, так будуць і адносіцца.”
(Карэспандэнтка: ) “Калі Вы зразумелі, што Савецкаму Саюзу прыйдзе канец? Шмат хто верыў і марыў пра гэта, але што для Вас асабіста стала пераканаўчай прыкметай таго, што СССР неўзабаве сапраўды сканае?”
(Пазьняк: ) “Гэта стала зразумела ў выніку аналізу ўсёй адміністрацыйнай сыстэмы і сытуацыі, якая ўзьнікла ў КПСС. Але непасрэднай прыкметай канца СССР стала стварэньне народных франтоў ад Балтыкі да Каўказу. У Савецкім Саюзе пачаўся нацыянальна–вызвольны рух, а гэта была магіла для СССР. Назіраньне за дынамікай працэсу паказала, што канец хуткі. У кастрычніку 1989 году ў адкрытым эфіры беларускага тэлебачаньня я сказаў, што КПСС – злачынная арганізацыя, якая будзе ліквідаваная праз 2 гады разам з Савецкім Саюзам. Камуністы тады, здаецца, ледзь не захлынуліся ўласнай сьлінай ад нянавісьці, але мой аналіз і паведамленьне – да якога, дарэчы, сур'ёзна не прыслухаліся – спраўдзіліся вельмі дакладна.”
(Карэспандэнтка: ) “Вернемся да сёлетняга адзначэньня Дзядоў. Вось званок слухача Свабоды:
“Паважаныя кіраўнікі партыі БНФ і КХП БНФ! Для беларусаў Дзяды адны, адна духоўная дарога да дзядоў і ў Курапаты. У 2008 годзе на дваццатыя ўгодкі Дзядоў адзін БНФ заклікае людзей сабрацца каля Маскоўскіх могілак, а другі — у іншым месцы. Пасьля расколу БНФ я зьяўляюся сябрам КФП БНФ, але застаюся таксама з гістарычным БНФ. Дык як мне быць і такім, як я? Годна, па–беларуску – у дзень 20–годзьдзя сабрацца ўсім разам на гістарычным месцы, дзе ўпершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі ўлады прымянілі ў дачыненьні да народа газ і гвалт... Дзяды–1988 — гэта гістарычная падзея агульнанацыянальнага значэньня. Ці здольныя мы аб’яднаць народ для яго адраджэньня, калі сьвятыя Дзяды нас ня могуць аб’яднаць? Прафэсар Мікола Савіцкі.
Што б Вы адказалі сп.Савіцкаму? ”
(Пазьняк: ) “Некалькі гадоў таму прафэсар Савіцкі сказаў кіраўніцтву КХП БНФ, што ён ня згодны зь дзейнасьцю партыі і выходзіць з арганізацыі. З тае пары яго ня бачылі. Таму на пытаньне: "Як быць прафэсару Савіцкаму?" – ён павінен адказаць сабе сам.
Пра аб'яднаньне народу: ня трэба нікога аб'ядноўваць. У беларускім грамадзтве яшчэ моцна жыве традыцыя памяці памерлых продкаў. І на Радаўніцу, і на Дзень Задушны людзі ў масе сваёй ідуць і едуць на могілкі – незалежна ад поглядаў, веры і няверы.
КХП БНФ пачынаючы ад 2000 году арганізуе, стварае і курыруе пабудову народнага мэмарыялу ў Курапатах. Кожны год на Дзяды наладжвае шматкілямэтровае крыжовае шэсьце, калі тысячы людзей нясуць на плячах вялікія крыжы, якія ставяць потым пад гукі Рэквіему на магілах у Курапатах.
Лявон Баршчэўскі і яго калегі зьвярнуліся да нас, каб пачаць шэсьце ад Усходніх могілак зь іхным удзелам. Ім адказалі, што наш традыцыйны парадак працэсіі – ад парку Чалюскінцаў і гадзіньнікавага заводу – мяняцца ня будзе, і калі хочуць, то хай далучаюцца да сумеснага паходу. Працэсія, дарэчы, будзе праходзіць праз тое месца, дзе ў 88 годзе труцілі людзей газам. Баршчэўскі з калегамі вырашылі не далучацца, а сабрацца самастойна на Ўсходніх могілках.
Я ня бачу ў гэтым нічога заганнага. Гэта іншая арганізацыя, вольныя людзі. Галоўнае– што яны намерыліся адзначыць юбілейныя Дзяды і сваім зборам пашыраюць геаграфію сьвята. Мы, па нашым раскладзе, наведаем Усходнія могілкі ў суботу, потым, як заўсёды, будуць Курапаты, Лошыца, парк Чалюскінцаў, Кальварыя і іншыя месцы, дзе расстрэльвалі беларусаў, і дзе пахаваныя нашы вядомыя людзі. Пачатак Крыжовага шэсьця на Курапаты 2 лістападаў 11 гадзін ад гадзіньнікавага заводу.
Нагадваю, што 10–кілямэтровы штогадовы шлях з крыжамі на плячах у Курапаты – гэта ёсьць сакральнае дзеяньне, ахвяра памяці ўсім нявінна расстраляным. Кожны мусіць туды нешта несьці: калі ня крыж – хоць сьвечку, і скруху, і жалобнае, добрае сэрца.”
(Карэспандэнтка: ) “Як Вы сёньня будзеце адзначаць гэты дзень?”
(Пазьняк: ) “Я буду адзначаць гэты дзень у раздумленьні і ў кантакце зь сябрамі, успамінаючы тое, што было 20 гадоў таму. Гэта ня ёсьць радасны дзень, але гэта ёсьць дзень, над якім можна задумацца з далечыні часу, і сапраўды, з далечыні часу многае праясьняецца па–новаму..."

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG