“Галерэя Ады” — трыюмфатар міжнародных кінафорумаў

Уладзімер Колас і Ада Райчонак


Кінарэжысэр Уладзімер Колас працягвае зьбіраць прэміі прэстыжных эўрапейскіх форумаў дакумэнтальнага кіно. Пасьля нядаўняга трыюмфу ў расейскім Ханты-Мансійску ягоная стужка “Галерэя Ады”, прысьвечаная былому вязьню гета, колішняй вясковай настаўніцы Адзе Райчонак, атрымала адну з найвышэйшых узнагародаў на фэстывалі ў Бэрліне — спэцыяльны прыз Эўрапарлямэнту. Нагадаем, што Ада Райчонак заснавала мастацкую галерэю ў мястэчку Германавічы пад Шаркаўшчынай і ладзіць пленэры з удзелам беларускіх і замежных мастакоў. Сёньня Ўладзімер Колас вярнуўся зь Нямеччыны, зь ім пагутарыў Ігар Карней.

Бэрлінскі “Europe Prix” — адзін з самых аўтарытэтных эўрапейскіх конкурсаў тэле- і радыёпраграмаў. Фэстываль заснаваны яшчэ 20 гадоў таму, цяпер ён праходзіць пад патранажам Рады Эўропы і Эўрапарлямэнту. Сёлета за ўзнагароду ў васьмі катэгорыях змагаліся некалькі сотняў прэтэндэнтаў з трох дзясяткаў краінаў. Фільм пра Беларусь адразу апынуўся ў ліку прызэраў.

Уладзімер Колас кажа, што ў фаварыты “Галерэя Ады” трапіла ў апошні дзень фэстывалю. У чацьвёрку найлепшых давялося прабівацца празь сіта з 30 стужак. Але ўжо потым бальшыня канкурэнтаў, якія на папярэднім этапе змагаліся за пападаньне ў фінал, падтрымалі менавіта беларускі фільм — сярод конкурсных працаў “Галерэя Ады” аказалася адзінай стужкай, у якой надзвычай дакладна адлюстраваўся самабытны характар жыхароў беларускай глыбінкі:

“Фактычна кожная краіна прадставіла фільм, прадстаўнікі былі амаль з усёй Эўропы. Дарэчы, “павалілі” мы вельмі шмат народу. Там была і Нямеччына, і Францыя, і Брытанія, і Данія, і Швэцыя, і Фінляндыя, і Гішпанія, і Партугалія. То бок 30 краінаў, якія былі намінаваныя на сам конкурс, а яшчэ ж шмат хто проста ня быў адабраны! Але я ўвайшоў у чацьвёрку і атрымаў адзін з галоўных прызоў. У нашай намінацыі былі ўсяго два прызы”.

Карэспандэнт: “Журы выбірала найлепшых ці глядацкае было галасаваньне?”

“Не, галасавалі мы самі. То бок кожны галасаваў “супраць сябе”, атрымліваецца. Галасавалі самі ўдзельнікі і тыя, хто быў запрошаны ў якасьці экспэртаў. Але ты ня меў права за сябе галасаваць і за іншыя фільмы сваёй краіны. Была 10-бальная сыстэма і градацыя па кожнай катэгорыі: увасабленьне ідэі, рэжысэрская праца, візуальныя сродкі і агульныя ўражаньні. Кожная катэгорыя ацэньвалася па 10-бальнай сыстэме. І вынікам, у прынцыпе, можна ганарыцца, таму што і фільмы былі выдатныя, і вельмі бюджэты магутныя, і знакамітыя студыі кшталту Бі-Бі-Сі. Вось на такім усё было ўзроўні. І тое, што далі ўрэшце прэмію мне — гэта, вядома, супэр”.

У фільме “Галерэя Ады” жыцьцё беларускай вёскі паказанае празь лёс 70-гадовай Ады Райчонак — былой вязьніцы Віцебскага гета, колішняй настаўніцы; маці, якая страціла маладога сына, выдатнага краязнаўцу, этнографа Міхася Райчонка. Спадарыня Ада даглядае немалую гаспадарку, а ў перапынках паміж увіханьнем ля парасятаў і даеньнем каровы размаўляе па тэлефоне з мастакамі ды пісьменьнікамі — склікае іх на чарговы пленэр у Германавічы.

Жыхары мястэчка, як і Ада Райчонак, — галоўныя героі фільму. Простыя людзі са складанымі лёсамі дзякуючы апантанай жанчыне “дакрануліся” да высокага — да мастацтва. І ня дзіва: ня кожную вёску абіраюць пляцдармам вядомыя графікі і жывапісцы: Аляксей і Ігар Марачкіны, Яўген Шатохін, Георгі Скрыпнічэнка, Янка Рамановіч, Аляксандар Фалей ды іншыя. Многія вяскоўцы пасьля робяцца прататыпамі мастацкіх вобразаў.

Фонам на вясковыя рэаліі раз-пораз накладаецца Аляксандар Лукашэнка, голас якога рэтрансьлююць радыёкропкі ў хатах і ўзмацняльнікі на вуліцах. Але ягоныя заявы пра імклівае набліжэньне вёскі да гораду абвяргаюць аб’ектыўныя рэаліі: жыцьцё ў вёсцы па-ранейшаму далёкае ад цывілізацыі.

Практычна ўсе, хто пабачыў стужку, сыходзяцца ў меркаваньні: фільм атрымаўся надзвычай жыцьцёвы, а паўтара дзясятка пленэраў, арганізаваных Адай Райчонак, сталі нагодай для глыбокага роздуму аб лёсе сучаснай вёскі і асобы ў цяперашняй Беларусі. Таму
Уладзімер Колас перакананы: такія энтузіясты, як ягоная гераіня, заслужылі права, каб пра іх ведаў увесь сьвет
Ўладзімер Колас перакананы: такія энтузіясты, як ягоная гераіня, заслужылі права, каб пра іх ведаў увесь сьвет.

У верасьні стужка “Галерэя Ады” ўжо стала ляўрэатам у катэгорыі “Нацыянальны характар” падчас тэлевізійнага фэстывалю “Залаты бубен” у расейскім Ханты-Мансійску. Чарговы посьпех прыйшоў да стваральнікаў стужкі ў Бэрліне. Але фэстывальны маратон толькі набірае абароты. У лістападзе стужка будзе дэманстравацца адразу на двух міжнародных кінафорумах у Францыі і Нідэрляндах. У Ля-Рашэлі “Галерэя Ады” ўжо трапіла ў дзясятку з паўтысячы фільмаў, якія намінаваліся на конкурс. У Амстэрдаме стужка будзе паказаная ў рамках панарамы 30 фільмаў з усяго сьвету, за якія будуць галасаваць гледачы. Дарэчы, амстэрдамскі фэстываль лічыцца ў кінадакумэнталістаў самым “топавым”, таму для любога рэжысэра сам факт удзелу ў ім пачэсны.

“Галерэя Ады” — вынік сумеснай працы Ўладзімера Коласа з тэлеканалам “Белсат” і польскай студыяй “Everest”, якой кіруе вядомы рыжысэр Міраслаў Дэмбіньскі. Цікавасьць да стужкі ўжо выказалі кампаніі больш чым 10 эўрапейскіх дзяржаваў.