“У душы была радасьць”

Паэт Леанід Дранько-Майсюк згадвае Дзяды-1988:
“З той гістарычнай падзеі мінула дваццаць гадоў, але яна помніцца вельмі выразна, нібыта адбылася ўчора.

Памятаю, у душах пэўнай катэгорыі “тутэйшых” панаваў страх. Так, адзін з “тутэйшых” (назаву яго Г.) апавядаў, што яго напярэдадні выклікалі ў пракуратуру і папярэдзілі, каб не хадзіў на могілкі, бо там будуць біць. Гэты Г. вельмі напалохаўся і прасіў мяне, каб і я не ішоў. Ён застаўся дома, пэўна ж, каб напісаць чарговую сваю занатоўку пра тое, як ён любіць хадзіць на мітынгі.

Купіўшы кветкі, на Ўсходнія могілкі мы паехалі зь Сяргеем Кавалёвым. Там убачылі Валянціна Акудовіча, Уладзімера Ягоўдзіка, Алеся Асташонка, іншых нашых сяброў.

А яшчэ перад брамай убачылі суцэльную міліцэйскую сьцяну. А далей — не было доступу.

Я папрасіў бліжэйшага міліцыянта аднесьці мае кветкі на магілу Караткевіча, а той нібыта не пачуў маю просьбу. І тут на тэрыторыі могілак я нечакана ўбачыў Анатоля Сідарэвіча. І праз агароджу я аддаў яму кветкі, і ён усклаў іх на магілу Ўладзімера Сямёнавіча.

Нягледзячы на тое, што немагчыма было годна ўшанаваць памяць продкаў, у душы была радасьць. Разумелася, што тыя людзі, якія прыйшлі да Ўсходніх могілак, былі аб’яднаныя нейкай вялікай сьветлай ідэяй. Якая гэта ідэя — тады гэта яшчэ, мусіць, ніхто дакладна не ўсьведамляў. Але, як сказаў адзін з нашых вядомых пісьменьнікаў, на могілкі прыйшоў натоўп, а з могілак вярнуўся народ. І гэта было вельмі дакладна акрэсьлена”.