Раман Мянцюк просіць выступу на тэлебачаньні<img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />

Раман Мянцюк

Суд Менскага раёна пачаў разгляд крымінальнай справы Рамана Менцюка.

ФОТАГАЛЕРЭЯ

12.50 Пад час допыту ў залі суду Раман Мянцюк заявіў, што ня бачыў “жывога шчыта”, які выставілі супрацоўнікі ДАІ.

Раман Мянцюк не памятае ў што ён ударыўся і як апынуўся ў лякарні.



Раман Мянцюк накіраваў суду хадайніцтва, каб яму не прызначалі пакараньня, зьвязанага з пазбаўленьнем волі. Ён не хоча, каб за яго плаціла маці-пэнсіянэрка і кажа, што здольны сам выплаціць кампэнсацыю.

Міністэрства ўнутраных спраў мае намер спагнаць грошы за вышук Менцюка, а Міністэрства аховы здароўя – за лячэньне пацярпелых.

На судзе выявілася, што раней Мянцюк 4 разы быў асуджаны і меў непагашаную судзімасьць. Ён больш за 8 гадоў прабыў у турме.

Таксама ён папрасіў магчымасьці зьвярнуцца да грамадзянаў Беларусі, пацярпелых і супрацоўнікаў ДАІ перад тэлекамэрамі.


11.20
Раман Мянцюк заявіў, што поўнасьцю прызнае сваю віну і просіць прабачэньня ў пацярпелых і міліцыянтаў.

Пацярпелыя прымаюць яго прабачэньні і кажуць, каб суд прыняў рашэньне. А супрацоўнікі ДАІ не вераць у ягонае выпраўленьне.


10.30
Паводле адваката, Раман Мянцюк часткова прызнае сваю віну.

У залі знаходзяцца супрацоўнікі ДАІ, якія асуджаны раней да двух гадоў умоўна за тое, што выставілі «жывы шчыт».


***

Раман Мянцюк
– той кіроўца, які без правоў і ў нецьвярозым стане на недазволенай хуткасьці гнаў аўтамабіль “Фольксваген” са Слуцку ў Менск і на ўезьдзе ў сталіцу пратараніў заслону з прыватных аўтамабіляў, якую супрацоўнікі ДАІ выставілі, каб яго спыніць. Тады пацярпела некалькі чалавек і былі пабітыя 5 машын. Гэта здарылася 2-га сакавіка. Суд над міліцыянтамі, якія выставілі заслону зь людзей, адбыўся ў ліпені, і толькі цяпер дайшла чарга судзіць Рамана Менцюка, з-за якога ўся гэтая гісторыя і адбылася.
Чаму гэтак доўга сьледчыя рыхтавалі справу да суду? У міліцыі спасылаюцца на тое, што Менцюка толькі два месяцы таму вярнулі з Масквы, дзе ён хаваўся. Між тым варта нагадаць, што пасьля здарэньня Рамана Менцюка не затрымалі, нават не ўзялі падпіску пра нявыезд. Ужо празь некалькі дзён у Маскве разам з жонкай Раман Менцюк узяў удзел у тэлешоў “Хай гавораць”, падчас якога шакаваў гледачоў сваімі выказваньнямі. Адзін з пацярпелых у “жывым шчыце” Юры Пашкевіч, якога таксама запрасілі ў праграму Андрэя Малахава, гэтак адказаў на пытаньне, ці не шкада яму цяпер Рамана Менцюка:
“А чаго мне яго шкадаваць? Як правільна казаў адзін дэпутат ў праграме Малахава: “Толькі не зрабіце дзіця...” Канешне, дзіця за бацькоў не адказвае, але якія бацькі – часта такія і дзеці. Яны ж на праграме казалі, што ім было добра, гучала музыка, яны ні пра што ня думалі. А тое, што алькаголю ў крыві было значна звыш нормы, і яны маглі людзей невінаватых пазабіваць! Мяркую, яны пра гэта дагэтуль ня думаюць”.
У аварыі пацярпела і трохгадовая дачка Юрыя – Валерыя. Дзяўчынка дагэтуль баіцца аўтамабіляў, а таксама зь недаверам ставіцца да людзей у міліцэйскай форме, кажа спадар Пашкевіч:
“У яе яшчэ сьвежыя ўспаміны пра тое, як нас спынілі міліцыянты і адбылася гэтая аварыя”.
Пакуль асноўным наступствам “жывога шчыта” стаў суд над міліцыянтамі Аляксеем Ліхтаровічам і Генадзем Дарагакупцам, якія паставілі прыватныя аўтамабілі ў заслону. Міліцыянтаў пакаралі ўмоўна і прымусілі выплаціць грашовую кампэнсацыю пацярпелым. Пацярпелая Алена Каўпакова паведаміла, што ад аднаго зь міліцыянтаў кампэнсацыю ўжо атрымала, а чаму не прыйшлі грошы ад другога, ёй невядома.
Дакладна вядома, што падчас суду Ліхтаровіч і Дарагакупец працягвалі службу ў міліцыі. Ці ўжо звольнілі прызнаных вінаватымі супрацоўнікаў ДАІ? Жанна Трайно з прэсавай службы Менскага ДАІ гэта пацьвердзіла, але больш зьвестак ў яе няма:
“У міліцыі яны дакладна больш ня служаць, а куды ўладкаваліся, мне невядома”.
Пацярпелыя ў інцыдэнце не выключаюць, што выставяць Раману Менцюку грашовыя прэтэнзіі за нанясеньне маральнай шкоды.