“Белая Русь”: наш палітычны лідэр — Лукашэнка <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />

Сёньня ў Менску ў Палацы рэспублікі адбыўся першы зьезд аб’яднаньня “Белая Русь”. На ім была прынятая праграма дзейнасьці.

Яна стваралася ў сьціслыя тэрміны, зь дзьвюх альтэрнатыўных. Таму давялося перанесьці зьезд, каб, паводле старшыні Аляксандра Радзькова, “не рабіць марнай дыскусіі і не сутыкаць сяброў аб’яднаньня між сабой”.

Зьезд працягваўся каля дзьвюх гадзінаў, безь перапынку. У складзе прэызыдыюму пераважна начальнікі — дырэктары, рэктары, міністар. Усяго прыехала 349 дэлегатаў. Сябрамі арганізацыі зьяўляюцца больш за 82 тысячы чалавек.

Дырэктар інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнцкай адміністрацыі Алег Праляскоўскі адзначыў у размове з журналістамі:

“У нас павінны быць аўтарытэтныя, ухваленыя члены, якія шчыра хочуць працаваць у арганізацыі. Мае сэнс ствараць палітычную партыю, калі будзе зьменена выбарчае заканадаўства. Калі можна будзе галасаваць, абірацца па партыйных сьпісах”.

Аднак сябрамі “Белай Русі” ўжо ёсьць звыш траціны сяброў Савету рэспублікі і амаль палова дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў новага скліканьня. Пасьля зьезду старшыня арганізацыі, міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў, адказаў на пытаньні карэспандэнта “Свабоды”.

Карэспандэнт: “Вы сказалі, што выйгралі палітычную кампанію, у вас вялікая частка дэпутатаў абрана. Наперадзе новая кампанія — прэзыдэнцкія выбары. Як вы яе бачыце, і ці будзеце вы асабіста вылучацца на пасаду прэзыдэнта?”

“Я не сказаў бы, што мы выйгралі палітычную кампанію. Мы ўдзельнічалі і падтрымлівалі ўсіх кандыдатаў у дэпутаты, якія былі з намі, з нашай грамадзкай арганізацыі. Як будзе далей — жыцьцё пакажа. Хаця для нашай арганізацыі наш палітычны лідэр — гэта Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка. Яго мы і будзем падтрыліваць, калі ён будзе заяўляць свой удзел у наступных прэзыдэнцкіх выбарах”.

Паводле спадара Радзькова, “Белая Русь” выступае за аб’яднаньне прагрэсіўных сіл. Ён заявіў пра аднадушную падтрымку “курсу кіраўніка краіны на ўсебаковую дэмакратызацыю беларускага грамадзтва”. Асноўнай жа мэтай дзейнасьці арганізацыя дэкляруе дасягненьне грамадзкай згоды.

Карэспандэнт: “Вы казалі, што будзеце падтрымліваць дэмакратызацыю ў грамадзтве. А ці будзеце выступаць за тое, каб вярнуць у Беларусь Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт?

“Калі ён тут быў, мы і ня супраць былі, каб ён тут працаваў. Аднак кіраўніутва ЭГУ так зрабіла, што ён перастаў тут функцыянаваць. І я ведаю, як міністар адукацыі, што вялікіх посьпехаў там, дзе ён цяпер працуе, у яго няма. А неабходнасьці ў такім унівэрсытэце ў нас цяпер таксама няма. Таму будзе нейкая новая сытуацыя, новыя падыходы і прапановы, потым паглядзім”.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў, што аб’яднаьне “Белая Русь” ствараецца ўладамі на ўсялякі выпадак:

“Лукашэнка яшчэ не сасьпеў для шматпартыйнай сыстэмы, у якой дамінуючае месца займае партыя ўлады. Але разам з тым ніхто не здымае гэты праект. Пакуль будуць выдаткі для бюджэту і ня больш за тое. Празь яе актыў туды мабілізуюць спартоўцаў, артыстаў і падчас прэзыдэнцкай кампаніі накіруюць на падтрымку Лукашэнкі. Як у Расеі, стварэньне мэгапартыі, якая будзе татальна кантраляваць палітычнае поле, не здымаецца з парадку дня. Колькасны склад ва ўмовах аўтарытарнай краіны можна напампаваць вельмі хутка”.

ФОТАРЭПАРТАЖ СА ЗЬЕЗДУ