25 кастрычніка. Працяг фотаблогу з Парыжа.
Тыдзень у Парыжы — рэалізаваная мара. Дзякуючы запрашэньню і клопату Дырэкцыі камунікацыі і інфармацыі Міністэрства замежных справаў Францыі, гэты тыдзень быў насычаны сустрэчамі, экскурсіямі, гутаркамі, узаемным расповядам пра жыцьцё Францыі і Беларусі.
Бачна, што Францыя, яе ўлады, палітычныя і грамадзкія арганізацыі імкнуцца актывізаваць сваё спрыяньне дэмакратычным пераўтварэньням, дамагацца паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, наладжваць дыялёг паміж грамадзтвамі дзьвюх краін.
Гэтую стратэгію ажыцьцяўляюць канкрэтныя людзі. Пра некаторых сёньня у перадапошняй частцы свайго тыднёвага блогу з Парыжа я пастараюся распавесьці, але найперш шчыра дзякую ім і ўсім іншым, якія ўдзялілі групе беларускіх журналістаў час і ўвагу.
Прыемна і цікава было пазнаёміцца з прадстаўніцай беларускай дыяспары ў Парыжы Вірджыніяй Шыманец і дасьледчыкам-беларусістам і Жанам-Шарлем Ляльманем.
Жан-Шарль Ляльмань і Вірджынія Шыманец зьяўляюцца суаўтарамі сьвежай францускай кнігі “Беларусь — мэханіка дыктатуры”. Абое прымаюць актыўны ўдзел у дзейнасьці Беларускага камітэту, які паўстаў у Францыі пасьля падзей у Менску ў сакавіку 2006 году. Спадарыня Шыманец —, пляменьніца старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы, тэатразнаўца, з 1996 году ўзначальвае суполку “Беларускія пэрспэктывы”. Беларускае жыцьцё Парыжу сапраўды круціцца вакол яе. Жан-Шарль Ляльмань — палітоляг, працаваў у дасьледчыцкіх інстытутах, цяпер працуе ў парлямэнце Францыі.
Былы амбасадар Францыі ў Беларусі Стэфан Шмялеўскі цяпер адказвае за міжрэлігійныя дачыненьні у францускім МЗС.
Спадар Шмялеўскі арганізоўваў візыты ў Францыю Папы Рымскага, Далай-Ламы, Маскоўскага патрыярха. Ён па-ранейшаму цікавіцца Беларусьсю. У часе гутаркі зь беларускімі журналістамі ён выдаў старую дыпляматычную тайну: у 2006 годзе ён як амбасадар Францыі ў Менску прапаноўваў арганізаваць сустрэчу ў Беларусі Папы Рымскага і Маскоўскага патрыярха, прымеркаваную да 20-х угодкаў Чарнобыля. Тады Масква не пагадзілася.
На стале ў кабінэце спадара Шмялеўскага стаіць здымак сакавіцкіх падзеяў 2006 году, калі амбасадары краін Эўразьвязу прыйшлі на Кастрычніцкую плошчу Менска, да дэманстрантаў, якія пратэставалі супраць несумленных выбараў.
Адна зь кіраўніцаў Сацыялістычнай партыі Францыі Соня Мінк таксама мае да Беларусі сымпатыю і сантымэнт. Яе бацька паходзіць са Слоніма. Яна наведвала гэтыя мясьціны неўзабаве пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі.
Сябра міжнароднага сакратарыяту Сацыялістычнай партыі Мішэль Кан апошнім часам сустракалася зь кіраўніцтвам трох сацыял-дэмакратычных партыяў Беларусі. Прычыны падзелу беларускіх сацыял-дэмакратаў яна дагэтуль не разумее і шкадуе з гэтай нагоды.
Абедзьве дзяячкі Сацпартыі заяўляюць, што хочуць падтрымаць беларускую апазыцыю і рух краіны да дэмакратыі. Абедзьве расчараваныя вынікамі мінулых парлямэнцкіх выбараў у Беларусі. “Беларусі пакуль не хапае мосьцікаў, пасярэднікаў у Францыі”,— кажа спадарыня Кан.
У парлямэнце Францыі існуе група па сувязях зь Беларусьсю. Сакратар гэтай групы Ліянэль Люка пакуль у Беларусі не пабываў. Іншыя сябры бывалі. Спадар Люка пасьля мінулых выбараў у Беларусі пакуль не бачыць, зь кім у беларускім Нацыянальным сходзе можна кантактаваць. Але пабываць у Беларусі хоча. Ягоны бацька паходзіць з Румыніі, таму ён кажа, што разумее, што такое недэмакратычныя рэжымы, і што такое арганізаваныя ўладамі візыты.
Сярод шэрагу арганізацыяў, якія зьбіраюцца надалей пільна сачыць за сытуацыяй у Беларусі пасьля рашэньня Рады Эўразьвязу прыпыніць візавыя санкцыі супраць афіцыйнага Менску, — “Рэпарцёры бязь межаў”. Яе старшыня Эльза Відаль зьбіраецца зьвярнуцца ва ўрад Беларусі з нагоды новага закону аб друку, яна хоча папярэдзіць урад, што трэба адмяніць ягоныя рэпрэсіўныя палажэньні, аднавіць свабоду слова і захаваць свабоду інтэрнэту.
У штаб-кватэры “Рэпарцёраў бязь межаў” вісіць мапа свабоды прэсы ў сьвеце ў 2008 годзе. Беларусь адзіная ў Эўропе краіна, пафарбаваная на ёй у чорны колер.
Спадарыня Відаль заклікае ўсіх беларускіх журналістаў, пакрыўджаных уладамі, зьвяртацца па падтрымку ў яе арганізацыю.
Адзін з такіх журналістаў жыве недалёка ад Парыжу. Алесь Сіліч, былы намесьнік галоўнага рэдактара “Народнай волі”, 4 гады таму папрасіў палітычнага прытулку ў Бэльгіі. Ён быў вельмі рады, калі ў чацьвер прадстаўніцтва Францыі ў структурах Эўразьвязу запрасіла яго сустрэцца з групай беларускіх журналістаў.
Спадар Сіліч цяпер жыве за 50 кілямэтраў ад Брусэлю, вучыць флямандзкую мову, гадуе дваіх дзяцей. Сумуе па Беларусі, родных і сябрах. Але аптымістычна глядзіць на сваю будучыню ў Бэльгіі. Цяпер ён працуе там ўласным карэспандэнтам тэлеканалу “Белсат”. Спадар Сіліч кажа, што працягвае адчуваць сябе госьцем у Бэльгіі, і перакананы, што застанецца беларусам, нават калі атрымае бэльгійскі пашпарт.
На сёньня спыняюся. Шмат пра што я яшчэ не распавёў. Заўтра пастараюся сабраць мазаіку разнастайных цікавостак парыскага жыцьця і на гэтым завяршу свой тыднёвы блог ды пачну складаць чамадан.