Міжнародны валютны фонд выдаў справаздачу, у якой утрымліваецца прагноз рэакцыі эканомік краінаў Эўропы на фінансавы крызыс, які пачаўся сёлета. Паводле МВФ крызыс прывядзе да спаду дзелавой актыўнасьці, але пры разумнай палітыцы горшага можна будзе пазьбегнуць. Паводле ацэнкі Фонду сёлета і ў наступным годзе ў Беларусі працягнецца эканамічны рост, але падвысіцца інфляцыя.
Паводле ацэнкі МВФ сёлета галавая інфляцыя ў Беларусі перавысіць 15%, гэта амаль удвая болей, чым летась, калі інфляцыя была 8.4%. Амаль такі ж скачок цэнаў – 14% чакаецца ў Расеі, а ва Ўкраіне паводле прагнозу інфляцыя наагул будзе прынамсі 25%.
У краінах зоны эўра сярэдняя інфляцыя сёлета чакаецца ў памеры 4%, амаль удвая вышэй, чым летась.
А вось у фінансавай гаспадарцы некаторых новых сябраў Эўразьвязу чакаюцца праблемы, сувымерныя з беларускім – інфляцыя ў Латвіі сёлета будзе такой жа, як і ў Беларусі – каля 15%, крыху меншай, але таксама высокай –12% будзе ў Баўгарыі, 10%- у Эстоніі.
На наступны год паводле прагнозу МВФ паказчыкі інфляцыі паменшацца – у Беларусі яна будзе менш за 10%, у зоне эўра – менш за 2%.
Паводле ацэнкі МВФ сёлета галавая інфляцыя ў Беларусі перавысіць 15%, гэта амаль удвая болей, чым летась, калі інфляцыя была 8.4%
У той жа час рост эканомік краін “старой” Эўропы будзе нязначным – у сярэднім менш за 2%, У Ірляндыі і Італіі, а таксама ў Латвіі і Эстоніі чакаецца невялічкі спад. А вось Польшча прадэманструе някепскі рост у 5% ВУП.
На наступны год па ўсёй Эўропе чакаецца запавольваньне тэмпаў эканамічнага росту. У Эўразьвязе ў сярэднім ён складзе менш за 1% - гэта фактычна адсутнасьць росту, да краінаў , дзе ВУП нават скароціцца, дададуцца такія эўрагіганты, як Вялікая Брытанія і Гішпанія. Запаволіцца рост ВУП і ў Беларусі – 8%, але паводле прагнозу і ў 2009 годзе краіна застанецца эўрапейскім чэмпіёнам паводле росту валавага ўнутранага прадукту.