Некаторыя экспэрты мяркуюць, што ў беларускіх банках могуць быць праблемы з наяўнымі грашыма. Аналітыкі лічаць гэта праявамі ўсясьветнага эканамічнага крызысу.
Начальнік Упраўленьня інфармацыі Нацыянальнага банку Анатоль Драздоў наконт падвышэньня стаўкі рэфінансаваньня кажа:
«Тры разы мянялі, пачынаючы з чэрвеня. У нас стаўка рэфінансаваньня прывязаная выключна да індэксу інфляцыі. Калі расьце інфляцыя – а сёлета яна перавышае прагнозныя парамэтры – адпаведна падвышаецца стаўка рэфінансаваньня, каб абараніць ашчаджэньні грамадзян».
Эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што такое нязначнае падвышэньне стаўкі рэфінансаваньня не дамаможа:
«Увогуле, стаўка рэфінансаваньня Нацыянальнага банку, якая сёньня меншая за 11%, павінна быць прынамсі на адзін працэнтны пункт вышэйшая за інфляцыю — гэта працэнтаў 18. І, безумоўна, пры такіх крэдытах беларусы ня ў стане будуць абслугоўваць гэтыя крэдыты і пачнуць адмаўляцца ад кватэр, ад будаўніцтва, ад рамонту».
А крэдыты падаражалі практычна ва ўсіх беларускіх банках: на будаўніцтва жыльля валютныя з 12 да 15%, рублёвыя – з 14 да 18%. Старшыня рады беларускай асацыяцыі «Нерухомасьць» Мікалай Прасталупаў кажа:
«Банкі некаторыя, якія раней ахвотна крэдытавалі насельніцтва, заяўкі на атрыманньне крэдытаў не разглядаюць Часова прыпынены разгляд дакумэнтаў. А ў нас прыкладна 40% грамадзянаў выкарыстоўвалі крэдыты пры набыцьці жыльля. Таму пэўны – нават, ня пэўны, а значны працэнт пакупнікоў можа і сысьці з рынку. Мы літаральна цягам двух тыдняў гэта адчуем».
У прадстаўніцтвах расейскіх банкаў часова прыпынілі выдачу крэдытаў на пакупку аўтамабіляў. Беларусы сталі менш грошай несьці ў банкі. Калі за жнівень аб'ёмы дэпазытаў вырасьлі на 300 мільярдаў рублёў, то за верасень – толькі на 100 мільярдаў. Начальнік Упраўленьня інфармацыі Нацбанку Анатоль Драздоў кажа, што банкі вымушаныя заахвочваць кліентаў:
«Ужо прапануюць больш прывабныя дэпазыты: у рублях – да 15%, у валюце – 10,5%. У кожнага банка свае прапановы, яны незалежныя ў гэтай сваёй палітыцы».
Старшыня рады беларускай асацыяцыі «Нерухомасьць» Мікалай Прасталупаў выказаў сваё меркаваньне наконт падвышэньня ставак і даў такую параду грамадзянам:
«Я ня думаю, што грамадзяне актыўна панясуць грошы, то бок гэта ня вельмі істотна дапаможа банкам. Зараз меркаваньне спэцыялістаў – сапраўдныя, жывыя грошы пакуль паберагчы, нікуды іх не ўкладаючы, нічога не купляючы. «Заціхарыцца» і перачакаць гэта ліхалецьце».