“Лукашэнка памятае, чым скончылася галоснасьць для КПСС”

Паводле міжнароднай арганізацыі “Рэпартэры бязь межаў”, Беларусь займае 154-е месца ў сьвеце, што да свабоды СМІ. Як ставяцца да такога рэйтынгу журналісты і палітыкі ў самой Беларусі?

Дасьледчыкі “Рэпартэраў бязь межаў” палічылі, што за мінулы год свабоды СМІ ў Беларусі стала меней, і панізілі рэйтынг краіны з 151 да 154 месца. Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Аляксандар Старыкевіч пагаджаецца з высновамі замежных экспэртаў:

Аляксандар Старыкевіч
“Так, сытуацыя зь недзяржаўнымі мэдыямі за апошні час пагоршылася. Хаця і нельга казаць, што гэта так ужо відавочна, бо найбольш жорсткія захады былі зробленыя досыць даўно. Маю на ўвазе тое, што недзяржаўныя газэты выкінутыя з друкарань, выкінутыя зь “Белпошты”, з распаўсюджваньня і гэтак далей. Нават калі ў межах быццам магчымай лібэралізацыі газэты вернуць у кіёскі і ў падпіску, то ачуняе недзяржаўная прэса ня хутка, бо яна зараз даведзеная да вельмі цяжкага стану”.

Найбольш масавыя недзяржаўныя грамадзка-палітычныя выданьні Беларусі — такія, як “Народная воля”, “Наша ніва”, — ужо некалькі гадоў вымушаныя друкавацца за межамі краіны і распаўсюджвацца ўласнымі сіламі. “Рэпартэры бязь межаў” адзначаюць, што гэтаксама даўно не вырашаецца праблема свабоды электронных мэдыяў у Беларусі. Аляксандар Старыкевіч мяркуе, што цяперашнія ўлады на гэта ніколі ня пойдуць.

“Відавочна, што прырода гэтай улады не зьмяняецца, яны не імкнуцца да кампрамісу, да дыялёгу, ня кажучы ўжо пра саступкі. Гэта ўсё гульні, разьлічаныя на Захад. Насамрэч тут не прадугледжана ніякіх перабудоваў, галоснасьці. Лукашэнка занадта добра памятае, чым гэта скончылася для камуністаў”.

Аляксандар Сьвірыд
Сябра камісіі па сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Аляксандар Сьвірыд гэтак пракамэнтаваў высновы “Рэпартэраў бязь межаў” адносна свабоды СМІ ў Беларусі:

“Не падзяляю такой ацэнкі. Калі была на 151 месцы, гэта не адпавядала рэчаіснасьці. А тым больш зараз, калі нібыта стала на 154-м. Мякка кажучы, гэта не зусім дакладна. На маю думку, сродкі масавай інфармацыі працуюць у межах прынятага закону. Усе, і дзяржаўныя, і недзяржаўныя, даносяць свае меркаваньні па розных праблемах”.

Ці існуе, на думку дэпутата, праблема няроўнасьці ўмоваў для дзяржаўных і недзяржаўных мэдыяў? Адказваючы на гэтае пытаньне, дэпутат Аляксандар Сьвірыд абмежаваўся пажаданьнем:

“Я ня маю на ўвазе “Народную волю” ці яшчэ якое выданьне. Проста я за тое, каб усе выданьні мелі роўныя магчымасьці даходзіць да людзей”.