У Польшчы ў знакамітым замку Kсёнж, што недалёка ад гораду Валбжых (Дольны Шлёнск) праходзяць Дні беларускай культуры. Мерапрыемствы арганізаваныя амбасадай Беларусі ў Варшаве і Беларускім таварыствам у Валбжыху. Цэнтральная падзея Дзён – выстава жывапісу і графікі менскіх мастакоў Рыты і Сержука Цімохавых "Прырода – чалавек – гармонія".
На адкрыцьцё імпрэзы прыехалі каля двухсот чалавек з Валбжыху і ваколіцаў, а таксама госьці зь Менску, Прагі, Варшавы. У сваіх прамовах і палякі, і беларусы падкрэсьлівалі агульныя карані польскай і беларускай культураў. Як прыклад называлася імя Адама Міцкевіча, чыя геніяльная спадчына зьяўляецца здабыткам трох культураў – беларускай, польскай і літоўскай.
Выступоўцы таксама гаварылі пра тое, што беларускае мастацтва сёньня можна пабачыць ня толькі на Падляшшы, але і на другім канцы Польшчы. Валжбых знаходзіцца недалёка ад мяжы з Чэхіяй.
Удзельнікам імпрэзы для кантактаваньня не патрэбныя былі перакладчыкі, бо беларуская і польская мовы вельмі блізкія.
Карціны Сержука Цімохава можна паглядзець ТУТ