Дыягназ: антысэмітызм

Аб праявах антысэмітызму паведамляюць актывісты грамадзкіх габрэйскіх арганізацыяў у рэгіёнах Беларусі.

У Крычаве габрэйскія надмагільлі скідаюць у яр

Побытавы антысэмітызм выяўляецца ў Беларусі пераважна зьнявагаю габрэйскіх пахаваньняў. Пра такі выпадак на Магілёўшчыне распавядае карэспандэнт “Свабоды” Андрэй Белагубаў.

***

Сумныя вынікі пашпартызацыя могілак у Барысаве

Пры пашпартызацыі габрэйскіх могілак у Барысаве выявіліся страты ад вандалізму апошняга часу: “Напрыклад, на могілках па вуліцы 8 Сакавіка цяпер каля 60 помнікаў, якія паваленыя і разьбітыя. А на могілках у Старым горадзе такіх вельмі шмат. Канкрэтную лічбу нават назваць цяжка”.

***

“Савецкая частка прыбраная, габрэйская — жахлівая”

У Гомелі найчасьцей цярпіць ад вандалаў габрэйская частка Прудкоўскіх могілак. Тлумачыць кіраўнік габрэйскай суполкі “Бейт Яакаў” Ёсеф Жолудзеў:

“Усім вядомая сытуацыя, калі шмат разбурылі, фарбамі абмалявалі на габрэйскай частцы могілак у Прудку. Многія помнікі павалілі, разьбілі. Могілкі гэтыя поўнасьцю занядбаныя. Негабрэйскую частку прывялі ў парадак, а габрэйская — у жахлівым стане. Мы зьбіраемся, калі надвор’е будзе спрыяльным, а калі не, то ўжо вясной сабраць сваю моладзь і сваімі высілкамі навесьці парадак. А горад там, па сутнасьці, нічога ня робіць”.

“Усё ж будуць зьяўляцца новыя помнікі”

Старшыня Зьвязу габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў і абшчынаў Леанід Левін сёньня ўдзельнічаў у жалобнай акцыі ў Менску. Яго меркаваньне:

“Давайце сёньня ўзгадаем, што робіцца. Зьявіўся помнік у Слуцку. Ствараюцца помнікі ў Мазыры і Віцебску. Адкрыты помнік у Магілёве. Будзе ў Гомелі. Але там грошай недастаткова. Таму адкрыцьцё адбудзецца не цяпер. Але гэтыя помнікі будуць. На іх зараз зьбіраюць грошы”.