Атрымаўшы запрашэньне МЗС Францыі наведаць Парыж па праграме журналісцкага абмену, я вырашыў выкарыстаць гэтую нагоду, каб бліжэй пазнаць гэты ўнікальны горад, адну са сталіц сьвету, рэалізаваць даўнюю мару і падзяліцца з чытачамі сайта “Свабоды” сваімі ўражаньнямі.
Апошнія я буду фіксаваць у выглядзе фотаблога. Такім чынам, пачынаю. І гатовы да дыялёгу – пішыце камэнты і пытаньні.
Найбольшая славутасьць Парыжу. 320 мэтраў
20 кастрычніка.
Шмат разоў у школе на ўроках францускай мовы я чытаў і пераказваў настаўнікам пра славутасьці Парыжу, без асаблівай надзеі іх пабачыць. Распавесьці цяпер пра іх – складаная задача: усё апісана, сфатаграфавана, выкладзена ў сеціве мільёны разоў. Тым не меней спрабую знайсьці нешта новенькае і цікавае. Для пачатку асобна пра аб’ект, вакол якога турыстаў тоўпіцца найболей. Эйфэлева вежа.
Новы Сымбаль Эўразьвязу – да канца году
Сёлета з нагоды старшынства Францыі ў Эўразьвязе Эйфэлева вежа ўпрыгожаная зоркамі – сымбалем аб’яднанай Эўропы.
Зноў наверх не патрапіў
Першы раз я пабываў у сталіцы Францыі у канцы верасьня 2001 году, на запрашэньне калег, журналісцкай сям’і з Парыжу. Тады, пасьля тэрактаў у ЗША, турыстаў было мала, я без праблем наведаў Луўр, цэнтар Пампіду і іншыя культавыя мясьціны. А калі дайшоў да Эйфэлевай вежы – узьняцца на яе ня змог. Пасьля званка тэлефоннага тэрарыста вежу ачапілі паліцыя, вайскоўцы, сапёры з сабакамі. Доўга нешта шукалі. Часу чакаць у мяне не было. Цяпер я зноў ня трапіў на вежу – дужа вялікія, тысячныя чэргі турыстаў адбілі ўсякае жаданьне паглядзець з вышыні на “голавы бяьпечных парыжан”.
Падножная мапа Эўропы
Але нямала цікавага было і ля падножжа вежы. З нагоды таго ж старшынства Францыі ў Эўразьвязе на тэрыторыі за вежай паклалі вялізную плястыкавую мапу Эўразьвязу, ходзячы па якой, можна вывучаць асноўныя зьвесткі пра кожную з краін-сябраў.
Без Беларусі…
Але найперш я паглядзеў на тэрыторыю на ўсход ад Літвы і Польшчы. Там паказаныя толькі рэчкі Немэн і Нярыс. У нас іх называюць Нёман і Вілія. Астатняе – замалявана лясамі ці нізінамі, нібыта не на палітычнай мапе, а геаграфічнай… Пакуль гэтая мапа без нас.
Тут жа паставілі сьцягі ўсіх краін зьвязу. Такім чынам Эйфэлева вежа стала фонам для сьцягу, напрыклад, нашых суседзяў-літоўцаў. Чамусьці захацелася сфатаграфаваць на фоне славутай вежы і бела-чырвона-белы сьцяг.
Гандляры вежамі
Па ўсім Парыжы можна сустрэць маладых людзей, якія прадаюць рознакаляровыя копіі Эйфэлевай вежы. Ля самой славутасьці іх дзясяткі. Я захацеў сфатаграфаваць кагосьці зь іх – усе адмовіліся. Толькі адзін пагадзіўся сфатаграфавацца, але без твару.
Пагроза
Але тут жа да мяне старэйшы маладзён падыйшоў да мяне і на ламанай англійскай мове патлумачыў: яшчэ адзін здымак і маю камэру паламаюць. Рэалізаваць пагрозу яму не ўдалося. Спачатку зьявіліся жандары ў чорным, потым у камуфляжы і з аўтаматамі. Гандляры беглі праз агароджу і кусты так, што толькі пяткі іх пасьпеў сфатаграфаваць. Здымак не атрымаўся… Але ж колькі іх ўцякала… На пляцоўцы перад вежай адразу стала вальней.
Паліцыя забараняе незаконны гандаль сувэнірамі ля Эйфэлевай вежы. Але спыніць яго немагчыма. Кошт вежы-сувэніра ў такіх гандляроў – 1 –2 эўра, а ў афіцыйнай сувэнірнай лаўцы побач з вежай – 8 эўра.
Два месяцы Парыжу
У ноч майго прыезду ў Парыж з вакна машыны я быў сьведкам цудоўнага відовішча. Над Сенай узьняўся рэклямны паветраны шар, які сьвяціўся жаўтаватым колерам і быў падобны на месяц. Зь іншага боку сьвяцілася поўня сапраўднага месяца. Абодва сьвяцілы былі выдатна бачныя на фоне Эйфэлевай вежы. Я нават спрабаваў сфатаграфаваць іх разам зь вежай. Але і камэра, і веды ў мяне мала прыдатныя для начной здымкі. Шкадую, што не сфатаграфаваў гэтае дзіва, таму апісваю яго словамі.
Пакуль усё. Заўтра абяцаю фота з парыскага аўтасалёну Mondial de l`automobile, на апошні дзень якога мне ўдалося патрапіць.