“Я б не хацела жыць, як яны ў Вязыні…” <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />

Новая перадача сэрыі “Падарожжы “Свабоды”. Эфір 16 кастрычніка.

Упершыню я прыехаў у Вязынь, што на Вілейшчыне, у складзе здымачнай брыгады 15 год таму. Для фільму патрабаваліся характэрныя ды маляўнічыя краявіды. Панарама, што адкрывалася з даху тутэйшага 6-павярховага хмарачоса — заводу траваараматычных напояў, які тады ўжо не працаваў, — насамрэч займала дух. Ад гарманічнага ўзаемапранікненьня стройных шэрагаў сасновых лясоў, бярозавых гаёў, трох сажалак ды бясконцай роўнядзі Вілейскага вадасховішча, адкуль п’е ваду Менск. Гэтым разам узьнімацца на дах мне не рэкамэндавалі — лесьвіца абвалілася цэлымі пралётамі…

“У 90-х зьбіраліся наладзіць новы цэх. Рухнула ўсё разам з інфляцыяй. Яго спрабавалі прадаць у Расею. А пасьля палову абсталяваньня расьцягнулі…” — распавядае Ларыса Бурая, якая прыехала сюды ў 1990-м з вайсковага гарадку Акцюбінску, што ў Казахстане.

51-гадовы рознарабочы сельсавету Мікалай Мандрык, апынуўшыся побач, дадаў:

Мікалай Мандрык

Мандрык: “Моладзі няма — пабегла. Няма каму працаваць — сам на сябе працуеш. Камандзіраў шмат, а што будзе, не магу сказаць…”

Тым ня менш пустых хат у Вязыні няма. Надта прывабна купляць іх пад лецішчы менчукам.

Ларыса: “Яны выходзяць на пэнсію, пакідаюць кватэры дзецям, бо ім зараз купіць не пад сілу. І пераяжджаюць у вёску — дажываць…”

Былыя гарадзкія жыхары Ларыса і яе муж Аляксандар мне тлумачаць:

“Я ня мысьлю для сябе жыцьця ў горадзе — мітусьня! Чалавек занадта вялікі тэмп узяў — бяжыць, што няма калі падумаць. У Вязыні пайшоў грыбы зьбіраць, траву ірваць — і думай, калі ласка… Родныя Сашы клічуць прыяжджаць у Маладзечна. Некалькі разоў у іх начавала — няма чым дыхаць. Ты нібы зачынены ў чатырох сьценах, хтосьці ў цябе грукае над галавой, спускае бак ва ўнітазе — дыскамфорт! А ў Вязыні продкі мае жылі — маці, бабця, пра-пра-прадзеды…”

Сустрэчы зь сямействам Бурых чакаў зь нецярпеньнем. Аляксандар вярнуўся на малую радзіму адразу пасьля дэмабілізацыі з авіяцыі. Найперш стаў вядомы як лазаплёт. У першую вандроўку тутэйшыя людзі называлі мне яго няйнакш як “чудзікам”. Уявіце: зь месца аддадзенай яму былой звалкі вывез 100 самазвалаў сьмецьця! Каб, па яго словах, пабудаваць палац. Двухпавярховы, годны — Аляксандра Бурага.

Паколькі жыве Аляксандар на ўскраіне, палац я ўбачыў адразу. Ладныя, моцныя бёрны, прасторныя пакоі. Толькі на другім паверсе недабудаваныя: маўляў, час такі, што бракуе грошай. Зрэшты, у жыцьці ўсё складаецца як мае быць. Кажуць Ларыса ды Аляксандар:

“Сядзім яшчэ не ў Палацы, але свой дах над галавой, дзяўчо вырасла, сын служыць пайшоў… Было 9 домікаў з 10 сем’ямі пчолаў. Пасьля іх маці памерла — і яны. Я не баюся пчолаў — у мяне 50 укусаў…”

Карэспандэнт: “Чаму сваё лазаплёцтва не перавёў на прадпрымальніцкія рэйкі?”

Ларыса: “Ён лянуецца, Віталь! (Сьмех.) Самому ўзьняць зараз няма моцы — выходзім на сельсавет…”

14-гадовая Марына вучыцца на цымбалах у тутэйшай музычнай школе. Гэтым летам гастралявала з ансамблем у Чэхіі. Але зь Вязыньню пэрспэктываў ня зьвязвае.

Марына Бурая

Марына: “Таму што тут няма працы — толькі ў краме ды ў калгасе. А ў калгасе грошы ня плацяць. Вось пайшоў на палетак, сабраў вядро цыбулі — палова калгасу, палова табе…”

Пад травяную гарбату пачынаем пра палітыку — гаспадары ёй увесь час цікавяцца.

Спадарства: “Трэба каб прапанавалі альтэрнатыву нармальную, таму што людзі баяцца пераменаў, памятаючы яшчэ, што было да Лукашэнкі. Тут колькі ні былі выбары, людзі самі на іх ішлі. Пры гэтым ня бачыла, каб хтосьці агітаваў за Лукашэнку. У часе другіх прэзыдэнцкіх выбараў я працавала на прыватным прадпрыемстве. Пры гэтым гаспадары прасілі падпісвацца за Ганчарыка. Я сказала, што падпісалася за Лукашэнку і больш ні за кога ня буду. Вось як у Расеі адзіна добрае, што зрабіў Ельцын — знайшоў пераемніка, Пуціна, які стаў Расею падымаць. Калі Лукашэнка гэтага ня робіць, дык ён проста дурань…”

***

Вязыншчына — гэта 33 вёсачкі ды засьценкі, дзе жывуць пад тры тысячы насельнікаў. У самой вёсцы звыш тысячы жыхароў. Школа, амбуляторыя, дзіцячы садок. Год таму СВК “Вілія” перайменавалі ў падшэфны філіял “Менскдарбуду” — “Вязынскі”. Аграном, спадар Ёсіф Швакель ставіцца да гэтага скептычна:

“Усё як было — назва памянялася. Зараз заробак па мільёне, узімку 130 тысяч. Усё роўна мэханізатараў не хапае — мільён ня кожны месяц. На выбары прыйшоў датэрмінова. Адзін безальтэрнатыўны кандыдат — дзяржаўная ж палітыка такая. Зусім не прагаласаваць жа — так не прынята. Дый думаю не пра палітычную сытуацыю — пасеяць, сабраць…”

Мая вандроўка адбывалася праз тыдзень пасьля выбараў. Так што мясцовыя былі ня супраць “пагавандорыць”, як тут кажуць, пра падзею. 69-гадовы Сяргей Крывашэй пачаў з жарту:

“Мне 96. (Сьмех.) Ой, 69, але бацька да 96 пражыў! А хто ж за мяне заступіцца? Быў перад гэтым дэпутат — дарогі прарабіў. Памагчы трэба, каб лазьня была — памыцца хочацца. Каб пэнсію дабавілі, не адмовіўся б — зараз 300 рублёў. Працаваў кавалём, але самавук. І пайшоў як сьлесар — каэфіцыент ня той…”

44-гадовая Валянціна ды 43-гадовы Сяргей Бустаўскія ў пустэльную вёску Лоеўшчына, што побач зь Вязыньню, пераехалі з Маладэчна. Працуюць яна — даяркай, ён — пастухом: жыцьцё прымусіла.

Валянціна і Сяргей Бустаўскія

Спадарства: “18 год стаялі на чарзе ў Маладзечна на кватэру — 4000 даляраў сказалі заплаціць за першы ўнёсак. А тут хата нашай бабкі — сьвежае паветра, бульбу пасадзілі. Абяцаюць кватэру ў Вязыні… Грошай 600 тысяч маю — мне застаецца “на дурнейшае”…” (Сьмяецца.)

Суразмоўцы, аднак, былі крыху нападпітку. З тае прычыны, альбо зь іншай — але на тую хвіліну ўсім у жыцьці былі задаволеныя.

Карэспандэнт: “А за што Лукашэнку любіце?”

Спадарства: “Вайны няма, ціха. Заводы сталі больш-менш працаваць і заробак болей стаў. “Шэўрале” нам ня трэба. Хабар даваць ня трэба. Праца ў людзей ёсьць, хто хоча…”

15 год таму Вязыншчына была месцам масавага паломніцтва з усяе Беларусі. Тут нібыта штодзень зьяўляліся НЛА — так званыя “лятаючыя талеркі”. Аказалася, зрэдчасу лётаюць і зараз.

Спадарыня: “Аднойчы ішла з аўтобуса, і чырвоны шар каля елак. Ніжэй апусьціўся і паляцеў на Латыголь. І аднойчы ўвечары ішла — паляцеў на лес. Людзей няма — касмадром можна рабіць…”

Гэта 70-гадовая спадарыня Ганна Іванаўна, якая адна жыве ў засьценку Ёлачкі — акурат паміж векавых хваёвых дрэваў. Сюды зацягнуў мяне няўрымсьлівы Аляксандар Буры. Тут ён працуе пчаляром — 70 вульляў. Праўда, гэтай восеньню займеў вялікую праблему.

Аляксандар Буры

Буры: “Пасварыліся старшыня калгасу і дырэктар лясгасу. Паны дзяруцца — і зааралі грэчку, што пасеялі. А ахвярамі пчолы — галодныя сядзяць. Даводзіцца падкормліваць цукрам…”

Гэтым жа летам у Ёлачках ледзьве ня здарылася трагедыя. Сюды на пару месяцаў, як на лецішча, зь Вілейкі наяжджае лекар-пэдыятар, 68-гадовая Ніна Іванаўна Поклад. Над яе гумном некалькі год было вялізнае гняздоўе, дзе раіліся пад 2000 шэршняў. Да часу з гаспадыняй яны жылі мірна. Пакуль па нечай наводцы не прыехала брыгада раённага МНС. І — няўмела разбурылі гняздоўе, пакінуўшы ад яго адно шмацьцё. Што было пасьля, распавядае спадарыня Ніна.

Спадарыня: “МНС трэба было зрэзаць гняздоўе, і ўсё. Пасьля гэтага ашалелі. А калі іх так узбаламуцілі, сталі ў хату залятаць. Ой, а велькія якія — 4 сантымэтры, як муха цэцэ. У галаву трахане, дык вельмі цяжка — непараўнальна з укусам пчалы ці асы. Думаю, калі астатнія за мной паляцяць, дык будзе ўсё — не паляцелі. Выпіла дзьве таблеткі супрасьціну, холад на месца ўкусу, і ўсё. Магла ў суд падаць за тое, што пасярод белага дня ўварваліся і былі цяжкія наступствы…”

У гэтай вандроўцы па яе просьбе са мной была каляжанка — спадарыня Мэттэ Рыза з Нарвэгіі. Яна ўласны карэспандэнт у Маскве найбуйнейшай тамтэйшай газэты “AFTENPOSTEN” — “Вячэрняй” з накладам у 250 тысяч асобнікаў. Пабывала ў Сыбіры, гарачых кропках на Каўказе. У Беларусі была ўпершыню. Ёй і мікрафон у рукі — сьвежыя ўражаньні ад убачанага часам бываюць найбольш слушнымі…

Мэттэ Рыза

Мэттэ: “Маё ўражаньне — людзі задаволеныя сваёй сытуацыяй, зусім ня думаюць пра палітыку і ня хочуць думаць. Хочуць стабільнасьці, і калі яе атрымліваюць — задаволеныя. Я не магу сказаць, што гэта ілюзія — гэта сваё жыцьцё. Я б не хацела жыць, як яны жывуць…”