М.Халезін: “Жыцьцё мае быць каляровае”

Грамадзкі рэдактар тыдня – Мікалай Халезін.
Грамадзкаму рэдактару гэтага тыдня Мікалаю Халезіну 44 гады. Служыў у войску, кінуў так званы “наргас”, калі зразумеў, што ягонае прызваньне – творчасьць. Працаваў у першых беларускіх незалежных выданьнях, займаўся палітычным кансалтынгам, напісаў некалькі п’есаў. А ў 2005 годзе з жонкай Натальляй Калядой яны арганізавалі Свабодны тэатр – незалежны калектыў, які ня мае ў Беларусі фінансаваньня, уласнай сцэны і памяшканьняў для рэпэтыцый. Цяпер гэта частка міжнароднага праекту, якім апякуюцца Вацлаў Гавэл і Том Стопард. Нобэлеўскі ляўрэат Гаралд Пінтэр аддаў тэатру ўсе правы на свае п’есы. 10 сьнежня 2007 году трупа атрымала прэмію Францускай Рэспублікі. А 13 красавiка 2008-га ў Салоніках ім уручылі прэмію "Эўропа – тэатру".


– Калі пакідаеш Беларусь і апынаесься ў нейкай эўрапейскай краіне, то пачынаеш прывыкаць да рэчаў, ад якіх за апошнія гады мы наагул адвыклі. Я кажу пра вялікія выставы, нейкія незвычайныя тэатральныя пастаноўкі, пра сустрэчы зь пісьменьнікамі ў кніжных крамах...

Там – гэта норма цяперашняга жыцьця. Там ты разумееш, што яно мае быць ня толькі напружаным, а яшчэ – каляровым. І ад таго – вельмі цудоўным.

А ў Беларусі праходзіш міма тэатральнай залі і ня хочацца нават глядзець рэпэртуар. Ведаеш наперад, што “даюць”... Гэтаксама ня маеш спадзеву на фантастычную сустрэчу ў кнігарні і на выступ нейкай сучаснай зоркі ў канцэртнай залі...

Як кажа мой сябра Ўладзімер Шчэрбань, нашае жыцьцё – гэта ў найлепшым выпадку разьвіцьцё шэрага. А найчасьцей ў гэтай палітры наагул няма колеру. Няма імпульсу да таго жыцьця, якім бы мы хацелі жыць.

Нядаўна мне давялося пабываць у Францыі, дзе зь дзьвюма дочкамі пайшлі на канцэрт адной з групаў, фанатычным прыхільнікам якой я раней ніколі не зьяўляўся. Аднак хацелася, каб дзяўчаткі пабывалі на сапраўдным канцэрце.

А ў выніку нават я атрымаў нечаканую энэргію, што ўжо казаць пра дачок, якія ў вялізнай залі пабачылі цудоўны канцэрт. Для іх гэта было шчасьце.

Таму й хочацца, каб і да нас у Беларусь прыяжджалі не надзьмутыя, а сапраўдныя зоркі. Каб сьвятлейшым станавілася нашае жыцьцё. Каб шэрая палітра мянялася на каляровую. Якая праменіць энэргетыку.