Ш.Маккормак: ЗША чакаюць пазытыўных крокаў

Афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Шон Маккормак заявіў, што амэрыканскі бок працягвае ўважліва сачыць за сытуацыяй у Беларусі.

Ён адзначыў, што ў Беларусі «пакуль яшчэ недастаткова свабоды выбару, свабоды самавыяўленьня, свабоды слова”.

Шон Маккормак адзначыў, што некалькі тыдняў таму ў Беларусі былі вызвалены некаторыя палітзьняволеныя, але "функцыянальна там нічога не памянялася".

“Далейшае разьвіцьцё стасункаў паміж Беларусьсю і ЗША залежыць ад дзеяньняў беларускіх уладаў, – заявіў Шон Маккормак у інтэрвію БелаПАН. - Калі беларускія ўлады працягнуць пазытыўныя крокі, то ў нас будзе больш магчымасьцяў для паляпшэньня дачыненьняў”.

Адносна адмены санкцый супраць канцэрну «Белнафтахім» і візавых абмежаваньняў адносна беларускіх чыноўнікаў спадар Маккормак сказаў, што «у цэлым гэтае пытаньне залежыць ад дзеяньняў беларускага кіраўніцтва».

Спадар Маккормак таксама заклікаў беларускія ўлады вызваліць зь вязьніцы амэрыканскага юрыста Эмануіла Зэльцэра на гуманітарных падставах.