Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня — майстар, хімік-тэхноляг з наваполацкага акцыянэрнага таварыства “Палімір” Уладзімер Кунцэвіч. Разам з “Нафтанам” яно паспрыяла ўзьнікненьню і разьвіцьцю гораду. Сёньня два гэтыя прадпрыемствы хочуць аб’яднаць.
Спадар Кунцэвіч разважае сёньня над тым, навошта спатрэбілася структурная мадэрнізацыя буйнога нафтахімічнага комплексу, чаго варта чакаць ад гэтага шарагоўцам.
“У верасьні Наваполацак адсьвяткаваў 50-гадовы юбілей. Сваім узьнікненьнем і разьвіцьцём наш горад абавязаны буйному нафтахімічнаму комплексу. Яшчэ зь дзяцінства памятаю: новабудоўлю называлі ня йнакш як “нефцестрой”.
Спачатку тут пачалося будаўніцтва НПЗ, які ў 1962 годзе даў першы беларускі бэнзін, а празь пяць гадоў, ужо на другім прадпрыемстве — в/а “Полімір” — быў атрыманы першы поліэтылен. Фактычна “Полімір” стаў лягічным працягам адзінага тэхналягічнага ланцужку навастворанага нафтахімічнага комплексу. Але па тагачаснай савецкай клясыфікацыі заводы належалі да розных міністэрстваў. Захавалася самастойнасьць вытворчых магутнасьцяў і ў сувэрэннай Беларусі, калі заводы апынуліся пад агульным дахам канцэрну “Белнафтахім”.
Ішлі гады, рос горад, зьяўляліся й мацнелі дынастыі нафтахімікаў. На пераломных этапах можа й ня надта працяглай, але імклівай гісторыі лёс гораду быў цесна зьвязаны зь лёсам нафтагігантаў. Здараліся й вялікія посьпехі, з адпаведнымі ўзнагародамі, былі й крызісы. І ўсё гэта адбівалася на жыцьці месьцічаў.
Сёньня, калі ў горадзе зьявілася шмат іншых, розных паводле аб’ёму ды накірунку дзейнасьці прадпрыемстваў, усё роўна немагчыма ўявіць Наваполацак безь яго першынцаў, якія зараз называюцца адпаведна ААТ “Нафтан” і ААТ “Палімір”, бо яны па-ранейшаму робяць значны ўнёсак у напаўненьне дзяржаўнага бюджэту.
Фармальна заводы пераўтвораныя ў акцыянэрныя таварыствы. Але пакуль гэта фактычна тыя ж дзяржпрадпрыемствы. Заўважце — пакуль.
Размовы пра магчымую зьмену гаспадара актывізаваліся на тле тэмы аб'яднаньня “Нафтану” и “Паліміру” ў адно прадпрыемства. Не сказаць, што ідэя гэтая новая, але вось да рэалізацыі дайшло ўпершыню.
Яшчэ на мяжы трэцяга тысячагодзьдзя тады ўжо былы гендырэктар “Паліміру” сп.Леў Наважылаў як дэпутат Палаты прадстаўнікоў прыязна ставіўся да ідэі. Але ягоны пераемнік на пасадзе кіраўніка сп.Анціпін супрацьстаяў ёй, абапіраючыся, дарэчы, на моцныя сувязі ў Маскве й падтрымку адтуль, бо тое перадусім пагражала стратай пасады.
І вось зараз, як казаў вядомы палітык, “працэс пайшоў”.
Прычынаў гэтаму досыць шмат. Аднак можна вылучыць некалькі галоўных. Як бы гучна ні заяўлялі ў свой час з самых высокіх уладных трыбунаў, што не дапусьцяць прыватызацыі буйных прадпрыемстваў, яна ўсё ж настала.
Састарэласьць асноўных фондаў прадпрыемстваў дасягае крытычнай адзнакі. Для абнаўленьня й рэканструкцыі патрэбны значныя капіталаўкладаньні. Дзяржава, нягледзячы на дэкляраваныя посьпехі беларускага эканамічнага цуду, дапамагчы з інвэстыцыямі ня можа.
І калі на “Нафтане” за кошт уласных фінансавых сродкаў праводзіцца значная рэканструкцыя і мадэрнізацыя магутнасьцяў, то на “Паліміры” сытуацыя нашмат цяжэйшая. І ў гэтым не віна, а бяда хімікаў. Усё абумоўлена асаблівасьцямі тэхналягічнага працэсу: ён вельмі энэргаёмісты, што адбіваецца на сабекошце прадукцыі.
У зьвязку з гэтым патэнцыйныя інвэстары выказваюць куды большую цікавасьць да “Нафтану”, чым да “Паліміру”.
Адсюль і вымалёўваюцца асноўныя прычыны аб’яднаньня:
— першае: дзеля таго, каб захаваць увесь наваполацкі нафтахімічны комплекс і падтрымаць “Палімір” фінансава за кошт “Нафтану”;
— другое: у выпадку продажу пакету нафтанаўскіх акцыяў інвэстару пытаньне з продажам палімірскіх акцыяў вырашаецца аўтаматычна, а “Нафтан” робіцца даражэйшы за кошт далучанай часткі.
Але з-за таго, што такое аб'яднаньне — прэцэдэнт, ніхто дакладна ня ведае мэханізму структурнай рэканструкцыі. Зараз адбываюцца сустрэчы кіраўнікоў абодвух прадпрыемстваў, робяцца спробы выпрацоўкі пакрокавага аб'яднаньня. Вынікі пакуль не агучваюцца.
Працаўнікоў жа, якія стаяць на ніжэйшых службовых прыступках, у гэтай сытуацыі цікавяць больш прагматычныя пытаньні. У працэсе аб'яднаньня ёсьць і станоўчыя, і адмоўныя моманты.
Пасьля зьліцьця ў адно “Палімір” будзе атрымліваць гарантаваную частку сыравіны па ўнутрызаводзкіх цэнах, што прывядзе да падвышэньня рэнтабэльнасьці выпуску прадукцыі. Тарыфныя стаўкі работнікаў будуць адзіныя, а дакладней — нафтанаўскія (значыць, большыя).
Зь іншага боку, усіх насьцярожвае магчымасьць скарачэньня пэрсаналу (асабліва ў заводакіраўніцтве) пасьля аб'яднаньня аднолькавых структураў.
І гэтыя пытаньні не адзіныя. Нават на побытавым узроўні ўзьнікла нейкая напружанасьць паміж людзьмі, якія некалькі дзясяткаў гадоў жылі і працавалі побач. Людзі нейкім дзіўным чынам пачынаюць спрачацца паміж сабою.
Асабіста мяне гэта яшчэ больш насьцярожыла, калі ў газэце “Вестник Нафтана” за 4 кастрычніка я прачытаў наступнае выказваньне аднаго работніка, цытую: “Считаю, что для “Нафтана” это будет тяжёлое бремя, большая дополнительная нагрузка, в том числе и финансовая”. У гэтым месцы можна паразважаць пра так званую беларускую талерантнасьць.
Ніхто зараз дакладна ня ведае, як адбудзецца аб'яднаньне двух гігантаў у адзіны цэласны жыцьцяздольны арганізм, але можна з дакладнасьцю сказаць, што пасьля гэтага ўвесь наш горад стане крышачку іншым. Хацелася б, каб лепшым…”