Хавіер Саляна, вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў пытаньнях замежнай палітыкі і бясьпекі, запрасіў міністра замежных справаў Беларусі Сяргея Мартынава на перамовы ў Брусэль 13 кастрычніка. Пра гэта паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на Крысьціну Галяк, прэсававага сакратара Саляны.
Крысьціна Галяк пацьвердзіла, што запрашэньне было прынятае.
У мінулым месяцы выданьне EUobserver паведамляла, што прадстаўнікі Эўракамісіі прапаноўвалі запрасіць Сяргея Мартынава на сустрэчу кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў краін Эўразьвязу ў Брусэлі, якая адбылася 15 верасьня. У выніку, аднак, на тую сустрэчу запрасілі экс-кандыдата на прэзыдэнта Беларусі, былога палітвязьня Аляксандра Казуліна.