Больш за 70 дэпутатаў дзейнага складу Палаты прадстаўнікоў празь месяц застануцца бяз працы. Чым зоймуцца тыя, хто застанецца па-за межамі новага парлямэнту?
З абсалютнай дакладнасьцю пакуль можна казаць толькі пра лёс кіраўніка цяперашняй Палаты прадстаўнікоў Вадзіма Папова. Ён пераходзіць, так бы мовіць, на наступны ўзровень — у Савет Рэспублікі, верхнюю палату Нацыянальнага сходу. Кандыдатура спадара Папова — у сьпісе тых, каго ўжо вылучылі ў так званыя сэнатары.
А якія пляны ў іншых дэпутатаў? Я запытаў сьпікера: ці зьвяртаўся да яго хтосьці, ці прасіў дапамогі? І вось што кажа Вадзім Папоў:
“Гэтую працу будзем праводзіць пасьля заканчэньня сэсіі. Паўнамоцтвы дэпутатаў працягваюцца да першага дня паседжаньня новага складу парлямэнту. Пакуль яны атрымліваюць заробак у нас і нідзе ў іншым месцы працаваць ня могуць.
Прапановы дэпутатам цяпер паступаюць. І іх разглядаюць, найперш самі дэпутаты. Але ж вы разумееце, што дэпутаты могуць сказаць альбо “так”, альбо “не”. Таму ідзе такая індывідуальная праца. Але пасьля заканчэньня сэсіі гэтая справа будзе павялічвацца. Тым больш што ў сваім пасланьні кіраўнік дзяржавы заявіў: усе, каму патрэбны працоўныя месцы, будуць працаўладкаваныя”.
Няўпэўненасьць у сваёй будучыні прыводзіць да апатыі. Журналісты заўважылі: дзейныя дэпутаты, падобна, больш хвалююцца за сваю будучыню, чым за дзяржаўныя справы. Пра гэта сьведчыць такі факт: 2 кастрычніка, калі абмяркоўвалі пераход на новую сыстэму падаходнага падатку, ніхто з дэпутатаў не задаў ніводнага пытаньня міністру фінансаў Андрэю Харкаўцу. І ў прэсавым цэнтры жартавалі: “Ім не да гэтага, гэта ж дэмбельскі парлямэнт”.
У кулюарах дзейныя дэпутаты абураліся. Можна было пачуць: “Нам робяць зьневажальныя прапановы”. Згадвалі, што дэпутатцы-пэдагогу прапанавалі месца ў эканамічным дэпартамэнце міністэрства, а дэпутату-аграрыю прапанавалі ачоліць... сельсавет. Але гэта не павінна зьдзіўляць, адзначае парлямэнцкі карэспандэнт Юры Пацёмкін:
“Я згадваю гісторыю, якая адбылася з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў другога скліканьня Папругам. Ён прыйшоў у парлямэнт з пасады старшыні калгасу, а калі тэрмін ягонай працы скончыўся, дык прапанавалі пасаду брыгадзіра ў тым жа калгасе. Але ж урэшце ўсё скончылася добра і яго ўладкавалі тэхнічным супрацоўнікам у склад парлямэнцкай аграрнай камісіі.
Некаторыя былыя дэпутаты ня здолелі ўладкавацца ў Беларусі. Прыкладам, дэпутату Ігару Баслыку, які ў папярэднім складзе парлямэнту ўваходзіў у дэпутацкую групу “Рэспубліка”, месца ў краіне не знайшлося. І, наколькі я ведаю, ён працуе ў Маскве.
Працаўладкоўваць новых дэпутатаў, мне падаецца, з кожным разам усё цяжэй. Дэпутатаў шмат. Паводле свайго статусу яны прыраўнаныя да міністраў і таму хочуць працаваць міністрамі альбо намесьнікамі міністраў”.
Дарэчы, два апошнія прызначэньні, якія адбыліся сёлетнім летам, пацьвярджаюць тое, пра што кажа спадар Пацёмкін. Прыкладам, дэпутатка Валянціна Качан стала галоўным санітарным лекарам — намесьнікам міністра аховы здароў’я. А Ўладзімер Малец — намесьнікам міністра архітэктуры і будаўніцтва.
Аднак на ўсіх такіх высокіх пасадаў не хапае. І таму, як кажа былы дэпутат Вярхоўнага савету Беларусі 12 скліканьня, а затым міністар працы і сацыяльнай абароны Аляксандар Сасноў, на добрыя пасады могуць разьлічваць толькі тыя дэпутаты, хто падчас сваёй кадэнцыі не даваў ніякай падставы сумнявацца ў сваёй адданасьці кіраўніку дзяржавы:
“Улада заўсёды сваіх прыхільнікаў не кідала. Для іх заўжды ўсё рабілася. А тых, хто не падабаўся, іх проста выкідалі.
Што тычыцца нашай улады, дык ёй, на мой погляд, глыбока абыякавыя ўсе гэтыя дэпутаты, за выключэньнем некалькіх чалавек, якія ўваходзяць у найбліжэйшае атачэньне. І таму ім зробяць усё, што патрэбна, а астатніх выкінуць на вуліцу. Дэпутаты гэта цудоўна разумеюць і таму рабілі ўсё, каб патрапіць у найбліжэйшае атачэньне”.