Доктар эканамічных навук, прафэсар Барыс Жаліба лічыць, што беларускія ўлады скарысталі вопыт Расеі, дзе ўведзена 13% стаўка.
У 2009 годзе ў Беларусі ўводзіцца адзіная стаўка падаходнага падатку ў памеры 12% для фізычных асобаў і 15% — для індывідуальных прадпрымальнікаў. Як камэнтуюць гэтую рэформу адмыслоўцы?
Доктар эканамічных навук, прафэсар Барыс Жаліба лічыць, што беларускія ўлады скарысталі вопыт Расеі, дзе ўведзена 13% стаўка.
“Гэта вельмі спросьціць увесь працэс выплаты падаходнага падатку. Гэта спросьціць увесь працэс збору дадзеных так званага сукупнага прыбытку. Па-другое, такі захад, як паказвае вопыт Расеі, выведзе зь ценю прыбыткі грамадзянаў, якія яны хаваюць, каб не плаціць падатак. І атрымліваюць заробак у капэртах, які ня ўлічваецца. І гэта павінна прынесьці дадатковыя прыбыткі ў наш бюджэт”.
Тое, што індывідуальныя прадпрымальнікі будуць плаціць не як усе людзі — 15% — Барыс Жаліба назваў несправядлівым:
“Трэба было рабіць 12 усім. Вядома ж, як наш урад іх вельмі любіць. І тут не забыў, павялічыў да 15. Лічаць, што яны багатыя людзі, але гэта зусім ня так. Там розныя людзі”.
Адмыслоўцы крытыкуюць падатковую сыстэму ў Беларусі і лічаць яе самай складанай у сьвеце. Паводле рэйтынгу Ўсясьветнага банку “Doing Business 2009”, Беларусь у пляне падаткаабкладаньня займае апошняе месца, і зьменаў тут не адбываецца.
“Усё ж крытыкі таксама маюць рацыю. Трэба рабіць больш рашучыя крокі, каб зьменшыць колькасьць падаткаў і збораў. Пакуль крытыкаваць ёсьць за што. Наша падатковая сыстэма ўсё ж застаецца адносна складанай”.