Скончыліся выбары — пачаліся суды

Леанід Аўтухоў на ганку гарадоцкага суду

У Гарадоцкім райсудзе пачаўся разгляд справы, ініцыяванай былым кандыдатам у дэпутаты па Віцебскай-Сельскай выбарчай акрузе № 21 Леанідам Аўтуховым


Леанід Аўтухоў запатрабаваў знайсьці і пакараць тых, хто зьнішчыў ягоны агітацыйны плякат, вывешаны ў памяшканьні мясцовага паштовага аддзяленьня 15 верасьня.

Аднак старшыня Гарадоцкага райсуду Аляксандар Ляшковіч на самым пачатку пасяджэньня заявіў, што зачыняе справу з прычыны нязначнасьці інцыдэнту. Маўляў, адзін агітацыйны плякат ня ёсьць значнай стратай для дзяржавы.

Былы кандыдат у дэпутаты парлямэнту, старшыня раённай суполкі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў катэгарычна не пагадзіўся з рашэньнем судзьдзі і запатрабаваў, каб яму далі пазнаёміцца з усімі матэрыяламі справы, прычым у перакладзе на дзяржаўную, беларускую, мову. Ён кажа, што гатовы прыцягнуць да адказнасьці супрацоўнікаў райвыканкаму, якія аднялі ў яго час на пісьмовыя тлумачэньні ў справе, прызнанай судом нязначнай. На думку Леаніда Аўтухова, гэта было зроблена знарок, каб адцягнуць яго ад правядзеньня агітацыйнай кампаніі.

“Мы павінны пазнаёміцца з матэрыяламі справы, каб скаргу накіраваць! Пазнаёмімся, і будзем патрабаваць прыцягненьня да адказнасьці асобаў, якія змарнавалі наш час і якія перашкаджалі мне абрацца дэпутатам”, — кажа сп. Аўтухоў.

Актывіст нагадаў, што неўзабаве яго чакае яшчэ адзін судовы разбор: былога кандыдата вінавацяць у парушэньні правілаў разьмяшчэньня агітацыйных матэрыялаў — у прыватнасьці, у памяшканьні райаддзелу міліцыі.

Актывіст падкрэсьлівае, што гэтую адміністрацыйную справу распачалі пасьля таго, як ён падаў заяву ў міліцыю, а таксама напісаў скаргі на парушэньні свайго праўладнага суперніка, старшыні абласнога Камітэту аховы прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя, а цяпер ужо дэпутата парлямэнту Васіля Байкова. Ягоныя плякаты і ўлёткі разьмяшчаліся ня толькі ў месцах, адмыслова прапанаваных райвыканкамам, але і ў вітрынах крамаў, на дзьвярах жылых дамоў і нават на прыдарожных слупах. Акруговая камісія, пракуратура і Цэнтравыбаркам гэта парушэньнем не прызналі.

На думку Леаніда Аўтухова, усе судовыя працэсы зь ягоным удзелам знарок адтэрмінаваныя на час пасьля выбараў: ён лічыць, што да 28 верасьня ў суд яго не выклікалі адмыслова, каб не прыцягваць увагі грамадзкасьці, а таксама назіральнікаў за выбарчым працэсам.

Дарэчы, на Віцебшчыне цяпер ідзе яшчэ адзін судовы працэс, зьвязаны з прамінулай выбарчай кампаніяй. Моладзевы актывіст з Полацку Алесь Круткін ініцыяваў грамадзянскую справу супраць намесьніка старшыні гарвыканкаму, які забараніў праводзіць пікет пад лёзунгам “Байкот 2008”. Пікет меркавалі правесьці 20 верасьня, адмову атрымалі 15-га, а суд разьбірае справу толькі цяпер. Алесь Круткін спрабуе давесьці свае правы на вольнае выказваньне палітычных меркаваньняў, а чыноўнікі цьвердзяць, што адмовілі яму паводле закону.