“Навошта дэпутаты, якія задаюць непрыемныя пытаньні...”

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 1 кастрычніка 2008 году.
У папярэдняй Палаце прадстаўнікоў было прынамсі некалькі дэпутатаў, якія зрэдку адважваліся галасаваць насуперак паслухмянай большасьці. У тым парлямэнце, які беларусы атрымалі ў выніку выбараў 28 верасьня, нязгодных з Адміністрацыяй прэзыдэнта ня будзе ўвогуле: гэтым разам туды дапушчаны толькі вылучэнцы ўлады.

Наша пошта апошняга тыдня — галоўным чынам на тэму парлямэнцкіх выбараў.

Галіна Александроўская з Магілёва разважае пра тое, што чакае беларусаў пасьля 28 верасьня. Слухачка піша:

“Аляксандар Лукашэнка мог запусьціць у парлямэнцкі акварыюм, нібы экзатычных рыбак, некалькі апазыцыянэраў. А той акварыюм кішыць сотнямі акул, выкармленых уладай. Ну і што было б з гэтымі рыбкамі?

Доктар Пуцін у Расеі і доктар Лукашэнка ў Беларусі кожны на сваіх парлямэнцкіх выбарах прымусілі людзей выпіць горкія таблеткі, хоць насамрэч тое былі ня лекі, а атрута. Так што нічога добрага чакаць пасьля выбараў нам не выпадае”,


напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” Галіна Александроўская з Магілёва.

Нават невялікая апазыцыйная фракцыя ў парлямэнце пры пэўных абставінах здольная істотна паўплываць на важныя для дзяржавы рашэньні. У свой час, на пачатку 90-х гадоў, гэта прадэманстравала апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня.

Магчыма, памятаючы тое, улада і не пагадзілася, каб у Палату прадстаўнікоў трапіў хоць адзін прадстаўнік апазыцыі.

Аўтар наступнага ліста — Павал Шэўчык зь вёскі Любань Лунінецкага раёну — распавядае пра тое, як у ягонай акрузе забясьпечвалі перамогу на выбарах кандыдаткі ад улады, якая і раней засядала ў парлямэнце. У сваім лісьце на “Свабоду” слухач піша:

“Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ад нашай акругі апошнія чатыры гады была Ларыса Вершаловіч. У вясковым асяродку чулася наконт яе дэпутацкай дзейнасьці нямала незадаволеных галасоў. У нашай Лахве два гады таму закрылі ўчастковую бальніцу. Людзі наракаюць на тое, што дэпутаты прагаласавалі за адмену льготаў, асабліва на праезд. Шмат дзе платным стала навучаньне, а заробкі вельмі нізкія. І шмат іншых праблем.

Але начальства вырашыла пакінуць Ларысу Вершаловіч дэпутаткай. Прывезьлі яе да нас на сход. А як туды завабіць людзей? Начальнікі адчуваюць, які настрой у насельніцтва. Дык што прыдумалі? У СВК “Новае Палесьсе” старшыня ў загадным парадку прымусіла ўсіх спэцыялістаў (бухгальтараў, ветэрынараў, заатэхнікаў) зьявіцца на сустрэчу з кандыдаткай. А ня прыйдзеш — залічаць прагул на працы. Так што і кворум быў, і сход адбыўся”,


паведаміў у сваім лісьце на “Свабоду” Павал Шэўчык зь вёскі Любань Лунінецкага раёну.

А 28 верасьня ў Лунінецкай акрузе ў такім жа стылі адбылося галасаваньне, у выніку якога, калі верыць афіцыйным вынікам, дэпутат Ларыса Вершаловіч ужо ў першым туры атрымала пераканаўчую перамогу і засталася ў дэпутацкім крэсьле яшчэ на чатыры гады. Ну і на каго цяпер наракаць лахвіцкім дзядзькам і цёткам, што бальніцу ў вёсцы пры маўклівай згодзе дэпутаткі Вершаловіч закрылі, а дзеля таго каб дабрацца да раённай бальніцы, гэтым жа дзядзькам і цёткам трэба плаціць удвая даражэй, чым раней (за гэта прагаласавала зноў жа дэпутатка Вершаловіч).

Ніякіх зьменаў не чакаў ад верасьнёўскіх выбараў наш слухач Віктар Баранаў з Рагачова. У сваім лісьце на “Свабоду” ён піша:

“Пытаньне аб тым, хто трапіць у беларускі парлямэнт, у нас вырашаюць Лукашэнка і ягоная каманда. Гэта — ня выбары, а фікцыя, хадзіць на іх няма ніякага сэнсу. Рэжым, які ўсталяваўся ў Беларусі, ня хоча мець такіх дэпутатаў, якія задаюць непрыемныя пытаньні. Нават калі б такія ў Палату прадстаўнікоў і трапілі, дык рэжым вельмі хутка знайшоў бы спосаб, як зь імі расквітацца. Гэта добра бачна на прыкладзе Казуліна ды іншых. Сьпіс дэпутатаў быў падрыхтаваны ўладай загадзя. Усе, каго зацьвердзіла Лукашэнкава “вэртыкаль”, у палату трапілі, а няўгодныя засталіся ўбаку. Усё ў нас — як заўсёды, безь ніякіх зьменаў”,

напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Віктар Баранаў з Рагачова.

Сякія-такія зьмены, спадар Баранаў, усё ж адбыліся. Гэтым разам напярэдадні выбараў апазыцыйных актывістаў упершыню за многія гады не зьбівалі на вуліцах і ня кідалі ў турму паводле абсурдных абвінавачаньняў у нецэнзурнай лаянцы і амаральных паводзінах. Праўда, што да складу Палаты прадстаўнікоў, тут ніякіх зьменаў сапраўды не адбылося. Улада адмовілася нават ад той бутафорскай так званай “апазыцыі”, якая была ў палаце папярэдняга скліканьня.

Наш даўні слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў свой апошні допіс назваў так: “Аб праблеме панядзелка 29 верасьня 2008 году”. Ліст спадар Марціновіч даслаў яшчэ на пачатку мінулага месяца, але вынікі выбараў досыць дакладна прадбачыў ужо тады. Слухач, у прыватнасьці, пісаў:

“Пасьля тых ганьбы і сораму, якія беларускія дэмакраты (лідэры эўранацыі) пацярпяць на вачох усёй Эўропы 28 верасьня, ім трэба неадкладна, ужо з панядзелка 29-га, перагледзець свае праграмы. Ім неабходна абвясьціць новы курс, новую нацыянальную ідэю-плятформу. Беларусы — ужо даўно не ліцьвіны, а расейскамоўны і расейскакультурны народ, але са сваёй незалежнай дзяржавай. Усё ранейшае неабходна накіраваць у аналы гісторыі і пачаць ствараць новую культуру, літаратуру — на расейскай мове, ад жыцьця, ад народа, і найперш — ад гараджаніна. Абвясьціць ідэю вечнага і сынхронна-непарыўнага разьвіцьця ў канвэргенцыі з Расеяй, на шляху да дэмакратыі і прагрэсу.

Цяперашні лукашызм, як ганебная для Эўропы зьява, адсутнасьць дэмакратыі ў Беларусі, прымітывізацыя грамадзтва і асобы — усё гэта паходзіць ад адсутнасьці нармальнай расейскамоўнай і расейскакультурнай дэмакратыі. Расейская мова ў Беларусі і новая беларуская культура на гэтай мове — адзіны ключык-адмычка, падыход да таямніцы розуму і душы беларускага абываталя”,


гэтак лічыць Алесь Марціновіч з Баранавічаў.

Вашу, спадар Марціновіч, больш чым спрэчную тэзу пра выключную ролю расейскай мовы у духоўным і эканамічным прагрэсе беларуская ўлада ажыцьцяўляе ў рэальнай палітыцы на працягу ўжо больш як чатырнаццаці гадоў. Беларуская мова пасьлядоўна выціскаецца адусюль — з сыстэмы адукацыі, справаводзтва, тэлебачаньня, газэтаў — з усяго грамадзкага жыцьця.

Ці прывяло гэта да стварэньня ў Беларусі на грунце расейскай мовы шэдэўраў літаратуры і мастацтва? Паспрабуйце назваць імя хаця б аднаго расейскамоўнага беларускага літаратара, якога можна было б паставіць упоравень з Быкавым, Барадуліным, Гілевічам…

А што да таямніцаў розуму і душы беларускага абываталя, то і тут ня ўсё так адназначна. Так, на вуліцах беларускіх гарадоў рэдка пачуеш беларускую мову. І ў той жа час гэтыя ж нібыта расейскамоўныя беларусы падчас апошняга перапісу назвалі роднай менавіта беларускую мову. Нагадаю, такіх у 99 годзе было 82 працэнты.

Наш слухач Мікалай Рыбакоў з пасёлку Копысь Аршанскага раёну на прыкладзе той мясцовасьці, у якой жыве, разважае аб праблеме яўнага і схаванага беспрацоўя. У лісьце на “Свабоду” ён піша:

“Тут пытаньне ў тым, каго лічыць беспрацоўным. Афіцыйна ў нашым пасёлку не працуюць больш як 30 чалавек працаздольнага ўзросту. Але насамрэч розных неафіцыйных заняткаў у людзей нямала. Чалавек 15 езьдзяць на заробкі ў Расею. У многіх сэзонная праца. Нехта вяжа і прадае венікі, нехта зьбірае грыбы, нехта даглядае старых людзей, нехта нарыхтоўвае ў лесе дровы... Ёсьць і такія, што сяк-так зводзяць канцы з канцамі, шукаючы і здаючы парожнія шкляныя бутэлькі.

Адметна, што вельмі многія адвыклі ад сталай працы з 8 раніцы да 5 вечара. Шмат пітушчых. Уладкуецца такі на працу, месяц папрацуе — і ў запой... Што зь ім рабіць? Звальняюць, але рабочых рук не хапае, і таму празь некаторы час ён зноў уладкоўваецца на тое ж месца. Ведаю некалькі чалавек, якія шмат разоў так рабілі, працуючы ад запою да запою...

А яшчэ заўважаю, што ў многіх няма цікавасьці да жыцьця. Вось гавару нядаўна з адным знаёмым. Яму 45 год, а ён нічым не цікавіцца, ні да чога не імкнецца. Кажа: “Мне нічога не патрэбна, як ёсьць, так і добра...” І такіх людзей, заўважаю, усё больш”,


напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Мікалай Рыбакоў з пасёлку Копысь Аршанскага раёну.

Афіцыйны ўзровень беспрацоўя ў Беларусі вагаецца ў межах аднаго-двух працэнтаў. Але насамрэч гэтая лічба зусім не адлюстроўвае рэальную карціну на рынку працы. Улада трымае памер дапамогі беспрацоўным на такім нізкім узроўні, што людзі проста ня хочуць марнаваць сілы і час на тое, каб рэгістравацца на біржы.

Паводле падлікаў Міністэрства ўнутраных спраў, каля мільёну беларускіх грамадзянаў працаздольнага ўзросту афіцыйна нідзе ў Беларусі не працуюць. Палова ад гэтай лічбы — хатнія гаспадыні, афіцыйныя беспрацоўныя, зьняволеныя... А пра другую палову — каля 500 тысяч чалавек — улада нічога пэўнага ня ведае. Хоць беспрацоўнымі яны афіцыйна ня лічацца.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by