Колькі "засталося" апазыцыі?

Палітрада АДС падводзіць вынікі выбараў. Апазыцыянэры зьбіраюцца і адказаць на пытаньне: што рабіць далей? Стан і лёс апазыцыі пасьля выбараў. ТЭМА ДНЯ.
Сёньня прайшло паседжаньне Прэзыдыюму Палітрады Аб'яднаных дэмакратычных сілаў, на якім лідэры партый зьбіраюцца падвесьці вынікі выбарчай кампаніі і абмеркаваць пляны апазыцыі на будучыню.

На выбарах у Палату прадстаўнікоў, якія адбыліся 28 верасьня, ніводзін з апазыцыянэраў у парлямэнт не патрапіў. Усе 110 месцаў у Палаце пасьля першага тура галасаваньня занялі людзі са “сьпісу Лукашэнкі”.

Апазыцыя не прызнае вынікі гэтых выбараў, лічыць іх сфальсыфікаванымі. 35 дэмакратычных кандыдатаў абскардзілі выніковыя пратаколы і запатрабавалі паўторных выбараў ці пераліку галасоў.

Яшчэ ў дзень выбараў А. Лукашэнка заявіў: «Я вельмі рэдка выказваю нейкія прагнозы, але жыцьцё цяперашняй апазыцыі і яе вярхушкі недаўгавечнае. Ім засталося літаральна, можа быць, некалькі месяцаў ці гадоў. За нашай памяці апазыцыя зьнікне».

А.Мілінкевіч: “Апазыцыя мусіць арыентаваць людзей на Эўропу”


“Мы працуем і ў час выбараў, і калі выбараў няма. Я лічу, што самая галоўная наша мэта – гэта зьмена мысьленьня людзей і разбурэньне страху. І мы ставім перад сабой мэту – даць людзям як мага больш інфармацыі пра Эўропу. І праз гэта настроіць іх на эўрапейскую дарогу, каб было як мага больш людзей, арыентаваных на Эўропу”.


У. Роўда: “Апазыцыі трэба працягваць працу”

«Што рабіць далей? Далей трэба перагледзіць стратэгію, якую прынялі на апошнім Кангрэсе дэмакратычных сілаў. Яна, безумоўна, састарэла. Я маю на ўвазе стратэгію дыялёгу. Лукашэнка з апазыцыяй ні на які дыялёг ня пойдзе”.

С.Шушкевіч: “Мы змагаемся са сьледзтвам, а трэба з прычынай”

“ У нас адбыўся дзяржаўны пераварот і была прынятая антыдэмакратычная канстытуцыя. І мы хочам на падставе антыдэмакратычнай канстытуцыі зрабіць нейкія дэмакратычныя пераўтварэньні. Гэта абсалютна немагчыма. Прыкладам, так жа як на заканадаўстве, заснаваным на шарыяце, нельга пабудаваць хрысьціянскую маральнасьць".


Мэтадоляг Ўладзімер Мацкевіч: “...А партыі распусьціць”


"Я бы параіў распусьціць партыі з-за іх састарэласьці і непрацаздольнасьці. Пасьля правесьці інтэнтарызацыю людзей, якія яшчэ здольныя да працы. Зь іх стварыць адзіны рух, менавіта рух, а ня партыю такім чынам, каб пазьбегнуць ідэалягічных разыходжаньняў, бо зараз ніякія ідэалягічныя разыходжаньні неістотныя".


Сяргей Калякін: “Ніхто правілы мяняць не зьбіраецца, і на прэзыдэнцкіх выбарах лепей ня будзе”



“Трэба выбудоўваць тактыку і стратэгію, зыходзячы з рэчаіснасьці: будуць жорсткія ўмовы, нават больш жорсткія, чым цяпер. Трэба шукаць новыя падыходы да назіраньня і прадухіленьня фальсыфікацый”.