1 кастрычніка пачынаецца новы навучальны год у ЭГУ

Уваход у ЭГУ

Сёлета былі праблемы з наборам студэнтаў. Да сёньняшняга дня не было пэўнасьці, ці будзе працягвацца магістарская праграма па гісторыі Беларусі.

1 кастрычніка пачынаецца новы навучальны год у Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце. Сёлета былі праблемы з наборам студэнтаў, на некаторыя спэцыяльнасьці атрымаўся недабор. І да сёньняшняга дня не было пэўнасьці, ці будзе працягвацца, да прыкладу, магістарская праграма па гісторыі Беларусі.

Эўрапэйскі гуманітарны ўнівэрсытэт працуе на выгнаньні – у Вільні. Фінансаваньне праграм ажыцьцяўляюць у асноўным эўрапейскія донары. Некалькі гадоў таму фінансаваньне было больш значным, і студэнты старэйшых курсаў сёлета працягваюць навучаньне на тых жа ўмовах, на якіх паступалі на першы курс, то бок вучацца бясплатна і атрымліваюць стыпэндыю ў 200 эўра. А цяпер толькі 20% першакурсьнікаў вучацца бясплатна, астатнія – платна. Таму ўзьніклі праблемы, кажа кіраўнік гістарычных праграм Алесь Смалянчук:

Алесь Смалянчук
“Мы ня выканалі норму ў 15 чалавек, якая была ўстаноўленая Сэнатам. Набралі толькі 13 чалавек. Але з улікам розных абставінаў, у першую чаргу, таго, што фінансавая сытуацыя стала больш жорсткай, гэта паўплывала на набор па ўсіх праграмах. Сёлета фактычна ўпершыню прыйшлося рабіць другі і нават трэці набор па ўсіх праграмах. А на гісторыю, так атрымліваецца, ідуць ня самыя багатыя абітурыенты. Улічваючы важнасьць самой праграмы “Гісторыя Беларусі, культура, антрапалёгія” было прынятае прынцыповае рашэньне падтрымаць яе”.

Сэнат – найвышэйшы орган унівэрсытэту, які прымае ўсе рашэньні. У склад яго ўваходзіць кіраўніцтва ўнівэрсытэту, кіраўнікі праграм, прадстаўнікі студэнцтва, а таксама літоўскія навукоўцы. Прарэктар ЭГУ Ўладзімер Дунаеў тлумачыць:

“Сапраўды, яны крыху недабралі, гэта не адпавядае патрабаваньням Сэнату да праграм. Але вырашылі ўсё ж такі пайсьці насустрач, і гэтую праграму рэалізаваць. Гэтая праграма, вядома, у кадравых адносінах абсалютна ўнікальная – там выкладаюць найлепшыя гісторыкі Беларусі”.

На праграму па гісторыі, дзе павінна вучыцца 15 чалавек — 3 бясплатныя месцы, але гэта ўмоўна. Студэнты ня плацяць за навучаньне, некаторыя атрымліваюць інтэрнат, а ўсё астатняе — за свой кошт. Таму сёлета былі праблемы ня толькі з наборам на праграму па гісторыі, распавядае Алесь Смалянчук:

“Калі казаць пра колькасьць абітурыентаў, то лідэрамі было міжнароднае права і турызм. Калі адбываліся ўжо іспыты, сталі вядомыя фінансавыя ўмовы, і ўрэшце рэшт давялося рабіць другі і трэці паток набору і для міжнароднага права, і для турызму. Некалькі студэнтаў проста зьбеглі ад нас на праграму Каліноўскага. Паступілі да нас, а потым атрымалі там грошы і паехалі ў Польшчу. Хоць частцы давалі стыпэндыі хаця б на беларускія праграмы ЭГУ. Тут іх дзьве прынамсі — гісторыя й паліталёгія”.

Не хавае заклапочанасьці й прарэктар ЭГУ Ўладзімер Дунаеў:

“Гэта нас таксама засмучае. Але, на жаль, мы залежым ад фундатараў. Зь іншага боку, ёсьць стыпэндыі Каліноўскага, якія забясьпечваюць ня толькі бясплатнае навучаньне, але і дастаткова добрае пражываньне ў Польшчы. Мы зь імі ня можам канкураваць. Але гэта праграмы падтрымкі ў большай ступені польскіх ВНУ, чым беларускай адукацыі”.

Некалькі сьціплых стыпэндыяў па 100 эўра паабяцалі студэнтам ЭГУ беларускія фонды замежжа — Беларускі дабрачынны фонд (Лёндан) і Фонд Орса-Рамана (ЗША).