(эфір 1 ліпеня)
Такіх беларускіх навукоўцаў, якія пасьля перасьледу за свае ідэі на радзіме, могуць працягваць працу толькі дзякуючы міжнароднай падтрымцы, зьяўляецца ўсё больш. Бадай, найбольш вядомы зь ліку беларускіх навукоўцаў, пацярпелых ад рэпрэсіяў беларускіх уладаў – прафэсар Юры Бандажэўскі, прызнаны ў сьвеце экспэрт у галіне мэдычных наступстваў радыяцыйнага выпраменьваньня. Бандажэўскі на радзіме ў Беларусі працаваць ня мае магчымасьці і працягвае сваю працу за мяжой.
“Я адчуваў салідарнасьць”
Празь некалькі гадоў пасьля Чарнобыльскай катастрофы Бандажэўскі прыехаў працаваць у Гомель – ачоліў новаствораны мэдінстытут. Дасьледаваў узьдзеяньне малых дозаў радыяцыі на арганізм чалавека. Навукоўцы інстытуту на чале з Бандажэўскім даказалі сувязь паміж узьдзеяньнем радыяцыі на арганізам чалавека і ўзьнікненьнем шэрагу сур'ёзных захвораваньняў. У ліпені 1999 году рэктар Гомельскага мэдінстытуту Бандажэўскі быў арыштаваны, у чэрвені 2001-га – асуджаны на 8 гадоў пазбаўленьня волі: Ваенная калегія Вярхоўнага Суду прызнала яго вінаватым у хабары. Міжнароднымі й беларускімі праваабарончымі арганізацыямі Юры Бандажэўскі прызнаны вязьнем сумленьня, асуджаным за крытыку стаўленьня кіраўніцтва Беларусі да наступстваў Чарнобыля.
Каля 50 тысяч лістоў з усяго сьвету было напісана ў яго падтрымку. У Францыі дзейнічаў камітэт за вызваленьне Бандажэўскага, шэраг замежных гарадоў надалі яму званьне пачэснага грамадзяніна пад час знаходжаньня ў турме. Юры Бандажэўскі правёў у зьняволеньні больш за шэсьць гадоў – і насамрэч значнай сілай можа быць падтрымка калег-навукоўцаў у сьвеце, якую прафэсар адчуў на уласным досьведзе.
“Я адчуваў, я бачыў гэтую салідарнасьць у дзеяньні, – кажа Юры Бандажэўскі. – І пачалося гэта ад амэрыканцаў, калі было распаўсюджанае паведамленьне аб маёй праблеме, калі “Міжанародная амністыя” атрымала інфармацыю. Паколькі я – чалец Нью-ёркскай акадэміі навук, яны адразу ж адрэагавалі. І была рэакцыя з боку групы нобэлеўскіх ляўрэатаў – пісалі, патрабавалі, заклікалі...
І адрэагавалі акадэмікі з Расеі, вось Яблакаў разам са сваёй супольнасьцю. Больш ніхто... Астатнія прыціхлі, беларускія навукоўцы маўчалі. І я сустракаўся цяпер з некаторымі людзьмі, зь ліку тых, якія былі ў той час, да прыкладу, прэзыдэнтамі акадэміі навук, пасьля займалі іншыя пасады, пасьля зрабіліся апазыцыянэрамі... Цікава на гэта ўсё глядзець”.
Беларускія навукоўцы павінны пераадолець страх і адчуць, што яны могуць знайсьці падтрымку і абарону ад калег у сьвеце, калі яны сутыкаюцца з праблемамі ў сваёй навуковай працы з боку уладаў. Пра вызначэньне практычных падыходаў да абароны навукоўцаў і свабоды інтэлектуальнай прасторы вялася размова на сустрэчы і сымпозіюме “Абараняючы ўнівэрсытэт: акадэмічная свабода ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе”, які правялі напрыканцы чэрвеня ў Вільні Эўрапейскі гуманітарны унівэрсытэт і міжнародная сетка “
ScholarsatRisk” (SAR) – “Навукоўцы ў небясьпецы”.
Беларускія ВНУ запрашаюцца
У дырэктара SAR і Фонду выратаваньня навукоўцаў (ScholarRescueFund) Робэрта Куіна (RobertQuinn) пытаюся, што, на ягоную думку, найперш варта ведаць беларусам пра гэтую міжнародную сетку для дапамогі навукоўцам, якія церпяць перасьлед на радзіме за сваю працу?
“Я думаю, найперш, што варта ведаць беларускім навукоўцам пра нашую сетку – гэта тое, што яна існуе.
Мы запрашаем і беларускія унівэрсытэты далучыцца да нас. Мы лічым, што акадэмічная свабода – пытаньне важнае для ўсіх інстытуцыяў, незалежна ад краіны. Калі недзе ёсьць навукоўцы, якія адчуваюць, што ня могуць працаваць свабодна ў дадзены момант дома, ім варта скантактавацца з намі. Мы дапамагаем незалежна ад таго, ці зьяўляецца сябрам нашай сеткі унівэрсытэт, дзе працуе навукоўца, які да нас зьвернецца”.
Міжнародная сетка “Навукоўцы ў небясьпецы” дапамаге пацярпелым на радзіме навукоўцам знайсьці магчмасьць працаваць за мяжой, часьцей ў амэрыканскіх унівэрстыэтах, але й таксама ў Эўропе ды іншых краінах сьвету. Беларускія ВНУ ў гэтым праекце ня ўдзельнічаюць, прынамсі, пакуль, і ці рэальна спадзявацца, што яны далучацца?
Робэрт Куін мяркуе, што гэта магчыма:
“Я думаю, гэта магчыма, гэта рашэньне прымае кіраўніцтва унівэрсытэтаў у залежнасьці ад таго, якія каштоўнасьці яны прадстаўляюць. Самае цікавае, што такія выпадкі ёсьць: мы дапамагаем навукоўцу, які ня можа працаваць у сваёй краіне, і адначасова унівэрсытэты яго краіны прымаюць іншых дасьледчыкаў, якія ня могуць працаваць дома. Напрыклад, мы маем у нашай праграме навукоўца, які быў вымушаны пакінуць Эгіпет, і адначасова Эгіпет прымае ірацкіх навукоўцаў, якім трэба дапамога. У нас ёсьць навукоўца, які быў вымушаны зьбегчы з Гішпаніі, бо там яму пагражалі баскскія тэрарысты, але Гішпанія прымае пацярпелых навукоўцаў з Калюмбіі. Мы гатовыя на падобнае ж супрацоўніцтва і зь Беларусьсю”.
Не існуе цалкам бясьпечнай краіны для навукоўцаў
На канфэрэнцыі з удзелам каля сямі дзясяткаў навукоўцаў з усяго сьвету, з розных кантынэнтаў, абмяркоўваліся пераважна праблемы абароны навукоўцаў і акадэмічнай свабоды ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе.
Як выглядае тут Беларусь, дзе навукоўцы, якімі незадаволеныя ўлады, звальняюцца з працы, перасьледуюцца, трапляюць у турмы, зачыняюцца цэлыя унівэрсытэты, як сьведчыць прыклад ЭГУ?
Робэрт Куін адзначае, што паводле яго ўласнага досьведу працы з пацярпелымі навукоўцамі ва ўсім сьвеце, няма краіны, дзе ўсе навукоўцы могуць быць цалкам у бясьпецы, і адначасова ў кожнай краіне могуць быць свае пэўныя плюсы для навуковай працы:
“Я думаю, нават у самых, так бы мовіць, шчасьлівых, бясьпечных краінах, заўсёды існуе пэўная напружанасьць што да акадэмічнай прасторы. Таму што праца унівэрсытэтаў – у тым, каб крытыкаваць і сумнявацца. І гэта, натуральна, стварае напружанасьць. Калі ў краіне не было б ніякіх праблемаў, унівэрсытэты, дзяржава і грамадзтва жылі б у гармоніі. Там, дзе гармоніі няма – унівэрсытэты могуць стацца дэстабілізацыйнай сілай. І не абавязкова ў кепскім сэнсе. У такой сіле можа быць найпершая патрэба таго ці іншага грамадзтва, калі ў ім існуе несправядлівасьць, калі ў ім няма гармоніі. Так што нашая праца патрэбная паўсюль. І вельмі хацеў бы больш размоваў і кантактаў з унівэрсытэтамі і навукоўцамі ў гэтым рэгіёне, і мы маглі б таксама многаму навучыцца ад іх”.
Першая сустрэча ў Эўропе – дзякуючы ЭГУ
“Гэта нашая першая такая сустрэча ў Эўропе, і мы спадзяемся, што яе вынікам будзе далучэньне унівэрсытэтаў гэтага рэгіёну, у тым ліку і Беларусі, да міжнароднай сеткі “Навукоўцы ў небясьпецы”, – мяркуе яе дырэктар Робэрт Куін. Ён адзначыў, што ўпершыню такі сымпозыюм праводзіцца ў Эўропе і менавіта ў Вільні дзякуючы Эўрапейскаму гуманітарнаму унівэрсытэту, які сам зьяўляецца ахвярай акадэмічных рэпрэсіяў, але працягвае працу і дапамагае іншым навукоўцам знаходзіць міжнародную падтрымку.
Рэктар ЭГУ прафэсар Анатоль Міхайлаў сказаў пасьля заканчэньня віленскай канфэрэнцыі:
“Гэтая падзея – гэта вельмі добры пачатак, які дазваляе нам усім зьвярнуць увагу на важнасьць акадэмічнай, прафэсійнай салідарнасьці, і толькі такое супрацоўніцтва дае надзею. Цяпер ЭГУ стаўся месцам канфэрэнцыі, таму што мы здолелі прадэманстраваць здольнасьць супрацьстаяць тым небясьпечным тэндэнцыям, якія ёсьць у Беларусі – уціску асноўных свабод чалавека. Я думаю, чым больш мы будзем знаходзіць у сабе энэргію супраціву, тым меней будзе дзеяньняў такога кшталту”.
“Дзейнічаць нестандартна ў нестандартнай сытуацыі”
“Абарона свабоды навуковай думкі і тых, хто яе стварае – гэта ня толькі справа, якая тычыцца сфэры чыстай навукі: гэта неабходна для сучаснага разьвіцьця і грамадзтва, і дзяржавы. І навука, і акадэмічная адукацыя робіцца важным элемэнтам трансфармацыі грамадзтва – і ня проста ў нейкі іншы стан, але ў такі стан, які дапоможа грамадзтву выжыць у сучасным сьвеце”, – кажа рэктар ЭГУ Анатоль Міхайлаў. – Бо сьвет – на парозе многіх, досыць нечаканых нестандартных выклкаў, і традыцыйныя спосабы адказу на іх ужо не працуюць.
Адукацыя нашага часу – гэта стымуляваньне мысьленьня дзейнічаць нестандартна ў нестандартнай сытуацыі. Мы стварылі гэты унівэрсытэт у Беларусі для таго, каб быць гатовымі трансфармаваць краіну, а не ізаляваць яе. На жаль, гэта не атрымалася. Але мы працягваем, і я спадзяюся, што ўсё, што адбываецца, уся нашая праца – гэта на карысьць нашай краіны”.
Дапамога
У выніку віленскай канфэрэнцыі прынятыя
канкрэтныя дакумэнты, якія адкрываюць практычныя магчымасьці абароны навукоўцаў у рэгіёне.
Дырэктар міжнароднай сеткі “Навукоўцы ў небясьпецы” і кіраўнік Фонду выратаваньня навукоўцаў Робэрт Куін кажа, што ў навукоўцаў у Беларусі ёсьць розныя магчымасьці далучыцца і атрымаць дапамогу:
“Калі ў тых, хто слухае нас, зьявіцца пытаньне, як далучыцца, то, калі, вы падзяляеце ідэі акадэмічнай свабоды, адказнасьці, празрыстасьці, – усе асноўныя каштоўнасьці унівэрсытэтаў – вы маглі б дапамагчы нам скантактавацца з большай колькасьцю унівэрсытэтаў. Хацелася б, каб як мага больш унівэрсытэтаў далучылася да нашай сеткі, таму што гэта важна для акадэмічнай салідарнасьці і для разьвіцьця навукі”.
А дапамога? Даводзілася чуць ад беларускіх навукоўцаў і досыць скептычныя выказваньні адносна магчымасьцяў атрымаць дапамогу ці стыпендыю – у сьвеце ёсьць краіны, дзе сытуацыя значна горшая, і прыярытэты найперш за імі.
Робэрт Куін кажа, што зьвяртацца ды ўвогуле актыўна прадстаўляць у сьвеце свае праблемы беларусам варта:
“Адзіны шлях даведацца пра іх – калі яны будуць зьвяртацца, расказваць пра сябе. Нашая праграма адносна невялікая пакуль, хаця мы і сусьветная арганізацыя. Мы павінны вырашаць найперш самыя цяжкія сытуацыі – як у Іраку, да прыкладу. Але, маючы прыярытэты, мы прызнаем, неабходнасьць падтрымкі навукоўцаў паўсюль, і гэта мае і сымбалічнае значэньне.
Так што калі ў Беларусі ці дзе-небудзь яшчэ ёсьць навукоўцы, якія маюць праблемы, я хачу заахвоціць іх зьвяртацца да
SAR. Я не магу, вядома, абяцаць, што мы дапаможам фінансавымі сродкамі кожнаму, хто нам напіша. Хаця, зрэшты, ня кожны, хто да нас зьвяртаецца, мае патрэбу пакінуць сваю краіну, часам гэта папросту пытаньне кантактаў і маральнай падтрымкі”.
“З надзеяй, што навукоўцы вернуцца на радзіму”
Пра канкрэтных асобаў зь Беларусі, якія зьвярталіся ў сетку “Навукоўцы ў небясьпецы” і дапамогу ім – стыпендыі і магчымасьць працы на Захадзе – Робэрт Куін не сказаў, бо гэта інфармацыя не для адкрытага распаўсюду:
“Мы атрымалі прыкладна пару дзясяткаў заявак ад беларускіх навукоўцаў і, можна сказаць, што мы ўжо знайшлі месцы для некалькіх зь іх – часова, каб яны маглі працягваць свае дасьледваньні, калі яны ня могуць іх рабіць на радзіме, але з такой умовай і надзеяй, што яны вернуцца, і іх праца дасьць плён для іх краіны”.
Прафэсар Юры Бандажэўскі, які цяпер выкладае ў адным зь літоўскіх унівэрсытэтаў і браў удзел у канфэрэнцыі, кажа, што шукае падтрымкі не для сябе – для сваіх ініцыятываў дзеля здароўя беларусаў:
“Я спадзяюся, што мы будзем супрацоўнічаць, – кажа Юры Бандажэўскі. – Пакуль яшчэ з SAR мы не супрацоўнічалі афіцыйна. Я ведаю, што розныя ўстановы і структуры выступалі за маё вызваленьне, у прыватнасьці і Эўрапейскі гуманітарны унівэрсытэт заклікаў, патрабаваў майго вызваленьня з турмы, я чытаў аб гэтым на сайце. Яны падавалі пэтыцыі, і ў прынцыпе, гэта тая ж праграма.
Што да маёй пазыцыі – ну, вось мяне запрасілі на гэтую канфэрэнцыю, я сустрэўся тут з кіраўніцтвам гэтага міжнароднага праекту – дык вось, на маё разуменьне, гэта вельмі важна. Гэта і велізарная гуманітарная мэта – дапамога навукоўцам у нябесьпяцы, але гэта важна яшчэ і таму, што дае гарантыю і надзею тым навукоўцам, якія маюць уласнае меркаваньне, што яны будуць абароненыя найперш з боку сваіх калегаў”.
Абараніць ідэю
“UNESCO вельмі слушна зрабіла, што арганізавала гэтую праграму, – адзначае Юры Бандажэўскі. – Гэта і канкрэтная дапамога навукоўцам. Але я бачу ў гэтым больш: захаваньне навуковай думкі.
Ад веку іншадумства грамадзтвам не прымалася. Да новых ідэяў практычна заўсёды было адмоўнае стаўленьне. Але грамадзтва разьвіваецца толькі дзякуючы гэтым новым ідэям. Ня ўсе яны выжываюць, часам яны рэалізуюцца са спазьненьнем, а часам вельмі неабходныя ідэі гінуць. І для таго, каб сфармавалася ідэя, якая б прывяла да разьвіцьця грамадзтва, неабходны дыялёг, і ня толькі дыялёг, але і абмен ідэямі. Адна ідэя, адна думка, як гэта існуе сёньня ў Беларусі па многіх праблемах – гэта ўтопія, дарога ў нікуды.
І вось калі існуе шмат меркаваньняў, іх трэба захоўваць. У гэтым сэнс навукі. Навука – гэта ня тое, што сёньня нехта сказаў нешта, і вось гэта трывае раз і назаўсёды. Навука – гэта абмен думкамі. У гэтым – і далейшае разьвіцьцё. І ў гэтым важнасьць праектаў дапамогі навукоўцам – падтрымаць іх і іх ідэі.
Навукоўца – гэта думка, ідэя. І калі навукоўца прапаноўвае нешта, што сёньня выклікае пратэст, яго ідэю неабходна захаваць. І найперш захаваць гэтага чалавека, дасьледчыка. Так што ў гэтым нават яшчэ большая значнасьць праграмаў “Навукоўцы ў небясьпецы”. Вось толькі хацелася б, каб гэтая падтрымка не абмяжоўвалася навуковай супольнасьцю. І тут паўстае праблема дачыненьняў навукоўца і грамадзтва”.
Бліжэй да Беларусі
Юры Бандажэўскі прыехаў у Літву некалькі месяцаў таму з Францыі і Нямеччыны, каб працаваць у Вільні, бліжэй да Беларусі. Ён працягвае чытаць лекцыі ў розных краінах Заходняй Эўропы, выкладае цяпер ён і ў Літве і тут стварае міжнародныя прадстаўнічыя структуры – Сындыкат ліквідатараў наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС і навукова-дасьледчы цэнтр праблемаў экалёгіі і радыяцыйнай бясьпекі чалавека.
“Ідэя гэтага Цэнтру – вельмі добрая. Ідэя, якая дазваляе захаваць навуковы патэнцыял, сабраць яго, скласьці навуковы прагноз зьяваў і, натуральна, у першую чаргу, – абароны таго, што яшчэ можна абраніць ва ўмовах такога ўзмоцненага радыяцыйнага ўзьдзеяньня, якое атрымала насельніцтва і Беларусі, і Літвы, і ўсяго гэтага рэгіёну, пачынаючы ад 1960-х гадоў. Велізарнейшыя дозы радыяцыі, таму мы маем такія праблемы”.
Пра тое, што Беларусь і памежныя зь ёй заходнія рэгіёны сутыкнуліся з радыяцыяй задоўга да Чарнобылю, Ю.Бандажэўскі адзначаў ня раз, у тым ліку ў многіх сваіх інтэрвію, нагадваючы пра наземныя і падземныя выбухі, вучэньні з ядзернымі баегалоўкамі, якія праводзіліся ад 1950-60-х гадоў, і пра дадзеныя аб высокай забруджанасьці рэгіёну з кнігі “Загрязнение цезием атмосферы”, выдадзенай у СССР у 1974 г. супрацоўнікамі інстытуту біяфізікі СССР.
“Але ідэя Цэнтра складаная, – распавёў прафэсар. –У сэнсе, складана ажыцьцяўляецца, таму што – адна справа сказаць... і тое няпроста нават і гэта было. Вось прыклад – сёлетняя брусэльская
канфэрэнцыя 17 красавіка ў Эўрапейскім парлямэнце, на якой былі прадстаўнікі Беларусі, і на якой і я працаваў, – упершыню Эўрапарлямэнт у сваёй дэклярацыі выказаў некалькі канкрэтных пазыцыяў, у прыватнасьці, стварэньне гэтага Цэнтру экалёгіі і здароўя ў Літве, – але й адразу мы бачылі рэзкую рэакцыю МЗС Беларусі 21 красавіка. Заява, у якой гаворылася пра нейкія дзіўныя рэчы, я якраз у той час быў зь лекцыямі ў Італіі і добра памятаю, наколькі дзіўнай, незразумелай была тая заява МЗС, але я разумею і бачу, што існуе нежаданьне, каб гэты цэнтар існаваў.
У сьвеце ёсьць падтрымка, але паглядзім, як яна будзе разьвівацца. Таму што мяне ўжо жыцьцё навучыла ў гэтай сытуацыі, і калі я прыехаў у Францыю, і калі з Францыі выехаў, калі шукаў магчымасьць працягваць дасьледваньні. Я сутыкнуўся з многімі пытаньнямі, рознымі пытаньнямі. Гэта не такая простая рэч”.
“Аб'яднаць намаганьні”
Але ёсьць разуменьне ў людзей, што гэта справа неабходная, і цяпер задача – аб'яднаць іх намаганьні , – кажа Юры Бандажэўскі, які рыхтуе міжнародную канфэрэнцыю “Навуковыя і гуманітарныя ініцыятывы падтрымкі ліквідатараў і ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы” гэтай восеньню ў Вільні.
“Я спадзяюся бачыць і навукоўцаў зь Беларусі. Я даслаў запрашэніьні, і спадзяюся на пазытыўны адказ. Я спадзяюся, што канфэрэнцыя станецца яшчэ адной, хай сабе маленькай пясчынкай, якая дапаможа кансалідаваць сілы і рухацца далей.
Усё адно, як бы гэта цяжка ні было, мы працягваем гэтую працу, і людзі павінны ведаць пра гэта. Ведаю, што радыё “Свабода” слухаюць, і хацеў бы, каб гэта пачулі беларусы – людзі, для якіх я працую. Я проста хачу сказаць ім, што я працягваю працаваць, і людзі, якія знаходзяцца вакол мяне, з розных краінаў, таксама працягваюць гэтую дапамогу, падтрымку. Але трэба і беларусам зразумець, што і яны самі павінны стаць на абарону сябе, сваёй нацыі, свайго здароўя. Яны павінны адкінуць свой страх, які яны маюць перад жыцьцёвымі абставінамі, перад уладамі, – страх, які створаны адмыслова для таго, каб ня даць ім зразумець сябе, заблытаць іх у дробязнасьці і ў запалоханнасьці, і зрабіць так, каб яны больш баяліся палкі надзірацеля, чым Чарнобылю і сытуацыі са здароўем у сваёй краіне, у сваёй сям'і”.
Пісаць аўтару можна на адрас: pokladt@ yahoo.co.uk