У Курапатах ушанавалі памяць ахвяраў

Уладзімер Раманоўскі

У Курапатах актывісты дэмакратычнага руху ўшанавалі памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Першая акцыя прайшла ў студзені 2007 і з таго часу праводзіцца 29 дня кожнага месяца.

На жалобны мітынг у Курапатах сабраліся больш за два дзясяткі чалавек. Сярод іх былі актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, старшыня сэкцыі “Мэмарыял” таварыства аховы помнікаў і гістарычнай спадчыны Ўладзімер Раманоўскі, фігуранты “справы 14-ці” Антон Койпіш і Ўладзімер Сяргееў, а таксама прадстаўнікі інтэлігенцыі.


Пасьля таго як каля крыжоў паклалі кветкі і паставілі запаленыя сьвечкі, адбыўся імправізаваны мітынг. Першым выступіў Уладзімер Раманоўскі:

“Была яшчэ такая форма пакараньня як параза ў правах. Вось менавіта параза ў правах, немагчымасьць выказаць народу права ў выбары сваёй улады і з дапамогай улады – гэта і цяпер рудымэнт таго пэрыяду 37-га году”.

Адзін зь лідэраў прадпрымальнікаў Алесь Макаеў зьвярнуўся да прысутных:

“Дзякуючы гэтаму месцу, напэўна, наша Беларусь стала незалежнай у 1991 годзе. Калі ў сьвядомасьці беларусаў будуць лічбы пакутнікаў, тых, што тут і па ўсёй Беларусі, то гэта будзе беларускі пантыён”.

Мая Cташэўская ў 1937 годзе страціла свайго бацьку Аляксандра Сташэўскага. Яе маці восем гадоў правяла ў лягеры для жонак рэпрэсаваных у Казастане, які скарочана называўся “Алжыр” (Акмолинский лагерь жён изменников Родины). Сп. Сташэўская распавяла сваю гісторыю.

“Мой бацька Аляксандар Осіпавіч Сташэўскі. Самая высокая пасада ў яго была сакратар ЦВК БССР, быў наркамам НКВД, займаў яшчэ шэраг пасадаў... Яго забралі 27 красавіка 1937 году...

Мы жылі ў Менску. У тым доме, які й цяпер стаіць, такі стары дом. Там Галадзед і Чарвякоў былі нашымі суседзямі. Гэта была такая “камуналка”. У нас было чатыры пакоі і агульная ванна, кухня з гэтымі суседзямі”.

Маці Маі Сташэўскай вярнулася ў Менск. Жанчына распавядала, як там катавалі жонку Чарвякова. Урэшце тая ня вытрымала катаваньняў і памерла ў лягеры.

Актывістка “Маладога фронту” Юлія Міхайлава два гады таму даведалася пра Курапаты.

“Я была ў 9 клясе. Мне ў рукі патрапіла ўлётка, у якой было напісана пра Курапаты. Толькі такім чынам я даведалася пра Курапаты. У школе нам нічога такога не распавядалі. Мне вельмі шкада, што выпускнікі нашых школ ня ведаюць пра тыя падзеі, якія адбываліся ў Курапатах. Гэта праблема падручнікаў па гісторыі”.

Уладзімер Сяргееў прапанаваў усім прысутным напярэдадні Дзядоў сабрацца ў Курапатах на талаку, каб прыбраць магілы і навесьці парадак на ўсёй тэрыторыі.

За акцыяй назіралі больш за дзясятак міліцыянтаў, але ў падзеі ня ўмешваліся.