Якія тыпы парушэньняў на гэтых выбарах фіксаваліся найбольш часта, якія мэтады парушэньняў абралі ўлады?
Ці здолеюць міжнародныя назіральнікі ўбачыць рэальную карціну ўсяго выбарчага працэсу? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
Цыганкоў: “Якія тыпы парушэньняў на гэтых выбарах фіксаваліся найбольш часта, якія мэтады парушэньняў бачылі назіральнікі?”
Стэфановіч: “Улады, як мне падаецца, зноўку вярнуліся да такога віду фальсыфікацыяў, як ускрыцьцё скрыняў для датэрміновага галасаваньня і замена бюлетэняў. Я думаю, гэта зьвязана з тым, што, магчыма, яны хацелі потым наладзіць паказальны падлік на ўчастках, дзе балятуюцца такія вядомыя апазыцыйныя фігуры, як Лябедзька. Бо менавіта там, у акрузе Лябедзькі адбыўся скандал зь пячаткай, якую сфатаграфавалі, а яна не адпавядае таму, як выглядала раней. У Берасьці Малей зафіксаваў, што малюнак пячаткі адрозьніваецца.
Датэрміновае галасаваньне, як і ў папярэдніх кампаніях, выклікае вялікую крытыку. Тое, што мы бачым зараз, мы бачылі і раней. Гэта прымус да ўдзелу ў галасаваньні. На сайце праваабарончай арганізацыі “Вясна-96” падаецца шэраг фактаў наконт гэтага. Тут і абвесткі ў школах, дзе напісана, каб настаўнікі галасавалі датэрмінова, і ведамасьці, дзе настаўнікі расьпісваліся, што яны прагаласавалі датэрмінова (з Баранавічаў даслалі), ды іншае.
Увогуле датэрміновае галасаваньне ў нашых варунках, калі вельмі цяжка яго адсочваць, што там са скрынямі робіцца, вельмі небясьпечная рэч. І тое, што ў выніковых пратаколах адзначаецца агульная лічба вынікаў — мы ніколі не даведаемся, якія расклады былі ў датэрміновым галасаваньні”.
Цыганкоў: “Ці могуць адпаведна ацаніць усе гэтыя тэндэнцыі міжнародныя назіральнікі? Яны аддаюць увагу толькі таму, што бачаць самі, фактам, а не падазрэньням, і ім, магчыма, не заўсёды відаць тое, што бачаць беларускія назіральнікі.. Ці ёсьць такая небясьпека?”
Стэфановіч: “Думаю, што ўлады наўмысна стваралі прыгожую вонкавую карцінку, каб выклікаць ілюзію спакойнага правядзеньня кампаніі. Але, мне здаецца, датэрміновае галасаваньне сур’ёзна падарвала гэтыя намаганьні ўладаў, і гэта не застанецца незаўважаным місіяй назіральнікаў АБСЭ (бо назіральнікі ад СНД ніколі нічога нэгатыўнага ня бачаць).
Я сёньня перачытваў тыя рэкамэндацыі і заўвагі, якія зрабіла місія АБСЭ на выбарах у 2004 годзе. Па вялікім рахунку, нічога моцна не зьмянілася. Таму, я думаю, высновы будуць адназначныя. Можа, яны адзначаць, што некаторыя этапы праходзяць лепей, чым папярэднія — напрыклад, агітацыя не суправаджалася зьняцьцём кандыдатаў і затрыманьнямі распаўсюднікаў. Пабачым яшчэ, як пройдзе падлік галасоў, ці змогуць нашы назіральнікі рэальна яго бачыць, а не сядзець за 20 мэтраў ад стала і нічога ня бачыць і ня чуць. Мне здаецца, каб меркаваць, што выбары адпавядаюць міжнародным стандартам і абавязаньням АБСЭ, якія Беларусь брала на сябе як сябра АБСЭ — няма падставаў”.