В.Івашкевіч: “Ніякіх штурмаў не плянуецца”

Віктар Івашкевіч

Арганізатараў акцыі, прызначанай на 28 верасьня, няма. Палітыкі заклікалі людзей, якія лічаць выбары недэмакратычнымі і несправядлівымі выйсьці на Кастрычніцкую плошчу ў дзень галасаваньня а 8 вечара. Якія мерапрыемствы адбудуцца на плошчы 28 верасьня?

28 верасьня людзі пачнуць зьбірацца на Кастрычніцкай плошчы а 8 вечара. Віктар Івашкевіч паведаміў, што ў 20.30 адбудзецца прэс-канфэрэнцыя сустрашыняў палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сіл пад экранам, які знаходзіцца каля ўваходу ў падземны пераход з боку унівэрсама “Цэнтральны”.
Моладзь самы актыўны сэгмэнт грамадзтва


“Лідэры АДС правядуць прэс-канфэрэнцыю, дзе будуць даваць ацэнку ўзроўню дэмакратычнасьці тых выбараў, якія адбудуцца. Людзі, якія лічаць, што гэтыя выбары недэмакратычныя, несвабодныя, што трэба рабіць новыя свабодныя выбары, выйдуць на плошчу.

Ніякіх штурмаў ні Палаца Рэспублікі, ні Палаца прэзыдэнта ў гэты дзень не плянуецца, бо гэта ў гэты дзень ня мае сэнсу”.

Заяўку на правядзеньне мітынгу ад імя сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, падпісала Наста Палажанка. Менгарвыканкам даў адмоўны адказ. Актывісты арганізацыі лічаць сваім абавязкам выйсьці на плошчу і прадэманстраваць сваё стаўленьне да выбарчай кампаніі.

Артур Фінькевіч лічыць, што большасьць людзей на плошчы будуць складаць маладыя людзі.

“Моладзь - самы актыўны сэгмэнт беларускага грамадзтва. Я абсалютна перакананы, што неабходна хадзіць на такія мерапрыемствы менавіта падчас выбараў.

Арганізатараў гэтай акцыі няма. Яны ў дадзенай сытуацыі й не патрэбныя. Будзем дзейнічаць па тым сцэнары, які будзе выпрацаваны непасрэдна на месцы”.

Лідэр незарэгістраванага руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч таксама выйдзе на Кастрычніцкую плошчу.
Шкада, што няма пляну


“Хто будзе арганізатарам, ня ведаю, але сам прыйду абавязкова. Шкада, што няма пляну і няма веданьня чаго трэба чакаць на гэтай акцыі, але выканаю свой грамадзянскі абавязак і абавязкова прыйду”.

Аляксандр Казулін і Мікола Статкевіч будуць мець пры сабе мэгафоны. Такім чынам на плошчы можа адбыцца імправізаваны мітынг.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька лічыць, што на падобныя акцыі ня трэба браць дазвол ці прызначаць арганізатараў і плянаваць сцэнар. Ён спаслаўся на тое, што збор на плошчы падчас падліку галасоў ёсьць звычайнай эўрапейскай практыкай.

“Фармат ніхто не вызначаў. Папросту розныя структуры, розныя людзі заявілі, што яны заклікаюць людзей выйсьці на пратэст. Практыка, калі ёсьць нейкае месца, дзе людзі зьбіраюцца або сьвяткаваць, або смуткаваць”.

Другія суткі запар міліцыянты абыходзяць актывістаў дэмакратычнага руху на кватэрах і папярэджваюць іх аб адміністрацыйнай адказнасьці ў выпадку грубага парушэньня грамадзкага парадку. Актывісты лічаць дзеяньні ўладаў абсурднымі, бо і так відавочна, што заканадаўства парушаць нельга. Яны лічаць, што гэта чарговая спроба запалохаць тых хто, актыўна ўдзельнічае ў вулічных акцыях.