Заходжу ў 212-ю менскую школу, што ў менскім раёне Сухарава. Тут працуюць адразу два выбарчых ўчастка: 366-ы і 367-ы. У фае наладжваюць апаратуру, якая заўтра будзе сустракаць выбарцаў. Ходзяць з анучамі прыбіральшчыцы, ля дзьвярэй сядзіць міліцыянт. Называюся карэспандэнтам і атрымліваю дазвол прайсьці да дырэктара школы.
Георгі Андрушчанка 15 гадоў кіруе 212-й школай. Згадвае, што літаральна кожны другі год у школе былі то рэфэрэндумы, то прэзыдэнцкія ці парлямэнцкія выбары. Чарговая выбарчая кампанія для яго –да дробязяў знаёмы і адладжаны працэс. Дырэктар шпарка вядзе па асноўных аб’ектах заўтрашніх падзей.
“Сёньня а другой-трэцяй гадзіне пачнём фармаваць выбарчыя ўчасткі і да вечара ўсё зробім. Што ў нас плянуецца на заўтра? Будзе канцэрт ад 10-й да 15-й. Вось вісіць праграма. Увесь пэдагагічны калектыў працуе, каб школа сустрэла выбарцаў чыстай і прыгожай.”
Ці цікавіцца хто заўтрашнімі выбарамі? Спадар дырэктар адказвае, што літаральна гадзіну таму у школу прыяжджалі назіральнікі з АБСЭ.
“Паглядзелі, дзе будуць праходзіць выбары. Цікавіліся, як ідзе датэрміновае галасаваньне”.
Карэспандэнт: “Ці цікавіліся назіральнікі ўмовамі назіраньня за падлікам галасоў, адлегласьцю да стала, дзе будзе падлік?”
“Падыходзілі, глядзелі, усё іх задаволіла. Папрасіліся заўтра прыехаць, я сказаў — калі ласка”.
Спускаемся на першы паверх, дзе ў адмысловым пакоі ідзе датэрміновае галасаваньне. За сталамі сядзяць пяць сьвяточна апранутых жанчын, наведнікаў няма. Але, паводле старшыні выбарчай камісіі Тацяны Кутасавай, якая працуе намесьніцай дырэктара школы, сёньня за першую палову дня датэрмінова прагаласавалі ўжо каля 30 чалавек.
“Вось толькі што прагаласаваў малады чалавек, прычым прагаласаваў упершыню ў жыцьці. Мы яго павіншавалі з гэтым сьвятам. А чаму ён галасаваў датэрмінова, мы не распытвалі.”
Апошні аб’ект экскурсіі пад кіраўніцтвам дырэктара школы – буфэт, дзе заўтра выбарцам будуць прадаваць розныя харчы ды прысмакі. Спадар Андрушчанка не выключае, што будзе ў продажы і алькаголь. Дырэктар камбінату школьнага харчаваньня Фрунзэнскага раёну Лідзія Васільева дзеліцца сваім меркаваньнем, чаму людзі будуць купляць гэта ўсё ня ў краме, а ў школьным буфэце.
“Магчыма, па звычцы са старых часоў. А можа, каб не губляць час на магазын. Раней ішлі за дэфіцытамі, а цяпер жа ўсё, што прадаюць на выбарах, ёсьць у крамах ды на рынках. Таму, мяркую, людзі проста эканомяць час, бо выходны дзень”.
Разьвітваемся на ганку. Бачу на дзьвярах школы сьціплыя чорна-белыя партрэты трох кандыдатаў. Ці ня мала агітацыйных матэрыялаў, каб добра праінфармаваць выбарнікаў? Георгій Андрушчанка лічыць, што дастаткова:
“Пэдкалектыў пра кандыдатаў ведае, і жыхары раёну, мяркую, таксама”.
Заўтра а 7:30 раніцы ў 212-ай школе апячатаюць скрыні і праз 30 хвілін пачнецца галасаваньне. Дырэктар спадзяецца, што на выбары прыйдзе 70-80% выбарцаў, і абыдзецца безь непрыемных здарэньняў. Падлік галасоў, паводле дырэктара школы, завершыцца ўжо празь дзьве гадзіны па заканчэньні галасаваньня, гэта недзе а 10-й гадзіне.
Падміргваю суразмоўцы: "А потым банкет?" Чую рашучае “Не!”
“Мы ад гэтага даўно адышлі. У нас у панядзелак працоўны дзень, з раніцы пачынаюцца заняткі. Такім чынам, прабачце, але нам не да банкетаў. І так ужо стаміліся”, сказаў дырэктар менскай школы №212 Георгі Андрушчанка.