У гэтым Крэўскаму сельсавету бясплатна дапамогуць студэнты БНТУ.
Сёлета да канца году мяркуецца распрацаваць праект ахоўных зон Крэўскага замку, помніка XIV стагодзьдзя. Пра гэта паведаміў БелаПАН кіраўнік прац, дырэктар менскага “Цэнтру па рэгенэрацыі гісторыка-культурных ляндшафтаў і тэрыторый” Аляксандар Кропатаў.
Паводле ягоных слоў, з-за таго, што вакол замку не засталося гістарычных будынкаў, якія б стваралі непаўторнае архітэктурнае асяродзьдзе, неабходна тэрмінова распрацаваць праект ахоўных зон, які б рэглямэнтаваў усе працы на прылеглай тэрыторыі.
Новая забудова можа папаўняць страчаныя будынкі ў іх аўтэнтычных памерах паверхавасьці, але ў сучасных формах
З-за таго што заказчыкам праекту выступіў Крэўскі сельсавет, фінансавыя магчымасьці якога вельмі абмежаваныя, частку прац на бязвыплатнай аснове даручана выканаць студэнтам архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту.
Як зазначыў сп. Кропатаў, спэцыялісты валодаюць матэрыяламі, дастатковымі для рэстаўрацыі першапачатковага выгляду Крэўскага замку.
У пляне ён уяўляе няправільны чатырохкутнік, абнесены каменнымі сьценамі на двухмэтровым падмурку. У паўднёвай сьцяне замку знаходзіўся запасны выхад, а заходнюю сьцяну праразаў асноўны ўваход. Абарону замку ўмацоўвалі дзьве вуглавыя вежы, разьмешчаныя па дыяганалі. На вышыні 10 мэтраў была баявая галерэя.
У замку выпрацоўваліся ўмовы Крэўскай уніі 14 жніўня 1385 году — дзяржаўнага саюзу паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польскім каралеўствам. Замак перажыў асады перакопскіх татар у 1503—1506 гадах, захоп войскамі маскоўскіх ваявод у 1519 годзе і трагедыю Першай сусьветнай вайны.
У 30-я гады мінулага стагодзьдзя праводзілася кансэрвацыя замку, а пасьля вайны — археалягічныя дасьледаваньні тэрыторыі помніка.