Праўладны сацыёляг прапанаваў штрафаваць кандыдатаў за зьняцьцё з выбараў і паразважаў пра сапраўднае месца парлямэнту ў беларускай дзяржаве.
Кіраўнік праўладнага аналітычнага цэнтру EcooM Сяргей Мусіенка выступіў зь ініцыятывай матэрыяльна караць тых кандыдатаў, якія здымаюць свае кандыдатуры ў часе выбараў.
“Трэба ўвесьці норму пра тое, што кандыдаты ў дэпутаты ці прэзыдэнты павінны ўносіць пэўны заклад, які ня будзе ім вяртацца ў выпадку іх датэрміновага выхаду з выбарчай барацьбы”, — заявіў ён у інтэрвію агенцтву “Інтэрфакс-Захад”. “Гэта вельмі дэмакратычная норма, яна прымяняецца ў шэрагу краін. Калі б такая норма была цяпер, то не было б гэтых незразумелых выхадаў з палітычнай барацьбы. Тады б у кандыдаты вылучаліся толькі тыя людзі, якія маюць выразную палітычную пазыцыю й маюць намер змагацца да канца, каб урэчаісьніць свае ідэі”, — перакананы ён.
Палітоляг не прамінуў адзначыць, што “ўсе законы, прынятыя абедзьвюма палатамі парлямэнту, набываюць моц толькі пасьля іх падпісаньня кіраўніком дзяржавы”.
Ён таксама нагадаў, што паводле Канстытуцыі, прэзыдэнт выдае дэкрэты, якія маюць моц законаў. “Таксама прадугледжваецца магчымасьць роспуску парлямэнту ў выпадку сыстэматычнага й грубага парушэньня заканадаўцамі Канстытуцыі”, — адцеміў ён.
“Гэткім чынам, калі выключна тэарэтычна ўявіць, што ў Беларусі ўвогуле ня будзе парлямэнту, то гэтая акалічнасьць, увогуле, ня мусіць паўплываць на кіраванасьць дзяржавай”, — прыйшоў да высновы Сяргей Мусіенка.